Пошук

19.05.2020 12:40   Тэкст: Дар’я Семянько / Catholic.by

18 мая ў магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB узначаліў цэлебрацыю святой Імшы з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння святога Яна Паўла ІІ.

Да супольнай малітвы змаглі далучыцца не толькі прысутныя ў касцёле вернікі, але і карыстальнікі сацыяльнай сеткі Instargam, у якой вялася прамая трансляцыя святой Імшы.

У прамоўленай гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі нагадаў пра важную ролю Яна Паўла II у адраджэнні Касцёла ў Беларусі.

«Менавіта гэты Папа прызначыў першага ў другой палове ХХ стагоддзя каталіцкага біскупа ў Беларусі — Тадэвуша Кандрусевіча, а пасля ў 1993 годзе павялічыў колькасць дыяцэзій, прызначыў новых біскупаў і першага ў сучаснай гісторыі беларускага кардынала Казіміра Свёнтка.

Удзяляючы на свята Божага Нараджэння і Пасхі благаслаўленне Urbi et Orbi, „Гораду і Свету“, ён стаў першым з Пантыфікаў, які заўсёды некалькі слоў казаў і па-беларуску», — нагадаў біскуп Аляксандр Яшэўскі.

Ён дадаў, што беларускія вернікі ўшаноўваюць і з удзячнасцю памятаюць Папу Яна Паўла ІІ. Яго рэліквіі з пашанай захоўваюцца ў многіх святынях нашай краіны.

«Але ў чым сакрэт феномену святога Яна Паўла II? Чаму яго любяць і паважаюць ва ўсім свеце?» — прапанаваў паразважаць іерарх. Каб знайсці адказ на гэтыя пытанні, біскуп Аляксандр даў асабістае сведчанне.

«Маё дзяцінства, маладосць, гады вучобы ў салезіянскай семінарыі ў Польшы, а пасля ў Салезіянскім Папскім універсітэце ў Рыме, першыя пяць гадоў святарства прайшлі ў час пантыфікату святога Яна Паўла ІІ. Божы Провід дазволіў мне як семінарысту, а пасля дыякану неаднойчы служыць на святой Імшы, якую цэлебраваў Ян Павел ІІ. За некалькі месяцаў да яго смерці ў 2005 годзе я ў апошні раз пацалаваў яго руку, прыняў у дар ружанец і пасля прадстаўлення, хто я і адкуль, пачуў з яго вуснаў словы: „Szczęść Boże — Дапамажы, Божа“, прамоўленыя з цяжкасцю».

Іерарх дадаў, што Ян Павел ІІ жыў Богам і верай кожны дзень, абуджаў веру ў тых, хто яе не меў, ставіў Бога на першае месца і быў чалавекам малітвы. Пастыр зазначыў, што не дастаткова толькі памятаць Вялікага Папу, а трэба жыць паводле яго вучэння.

«Прыклад святога Яна Паўла II і яго спадчына не павінны застацца толькі набыткам гісторыі і спадчынай мінулага. Яны павінны быць у нашым сэрцы і праяўляцца ў нашым жыцці», — заахвоціў вернікаў Біскупскі вікарый Касцёла на Магілёўшчыне.

Абноўлена 19.05.2020 12:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця