Пошук

Стоп-кадр з трансляцыі

17 мая ў архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння святога Яна Паўла ІІ.

Ва ўрачыстай цэлебрацыі ў галоўнай сталічнай святыні браў удзел Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек.

На пачатку святой Імшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прыгадаў, што ў гэты дзень была запланавана малітва ўдзельнікаў агульнабеларускай пілігрымкі па слядах святога Яна Паўла ІІ у Рыме разам з Папам Францішкам. Аднак з-за пандэміі каранавірусу рэалізаваць гэтыя планы не ўдалося.

Тым не менш, у духоўнай еднасці з паўсюдным Касцёлам, кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату заклікаў удзельнікаў святой Імшы ў мінскай катэдры і тых, хто духоўна да яе далучыўся дзякуючы трансляцыі на партале Catholic.by, разам узнесці падзяку Богу за дадзенага Божым Провідам у адпаведны час Папу, які змяніў аблічча гэтай зямлі.

У прамоўленым Божым слове арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў пра важнасць захавання запаведзяў — умову атрымання Святога Духа, пра якое кажа Езус Хрыстус. Гэтыя запаведзі — ісці па ўсім свеце і абвяшчаць Добрую Навіну ўсяму стварэнню, а таксама любіць Бога і свайго бліжняга. «Калі мы так паступаем, то такім чынам абвяшчаем Добрую Навіну. Дух Святы тады ў нас», — дадаў арцыбіскуп.

Па яго словах, такім, поўным Духа Святога, быў Ян Павел ІІ.

«У свеце, які адкідваў Бога і быў падзелены ідэалогіямі капіталізму і марксізму, Папа Вайтыла ўжо ў першым сваім слове звярнуў увагу на неабходнасць вярнуцца да Хрыста, адзінага Збаўцы»,

— адзначыў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Ён нагадаў пра словы Папы: «Не бойцеся! Адчыніце дверы Хрысту!» — пранікнёны заклік «адкрыць палітычныя, эканамічныя, культурныя межы Хрысту, у якім чалавек можа пазнаць сябе».

Стоп-кадр з трансляцыі

«Гэты заклік абудзіў свет з летаргічнага сну ідэалагічнага і матэрыялістычнага атэізму. Ён таксама стаў новай надзеяй для вернікаў, якія знаходзіліся за жалезнай заслонай атэістычнай сістэмы Савецкага Саюза, у тым ліку і Беларусі. Мы тады на каленях стаялі перад радыёпрыёмнікамі, а тыя, хто жыў бліжэй да мяжы з Польшчай, перад тэлевізарамі, і са слязьмі слухалі гэтыя пранікнёныя словы Пятра нашага часу», — сказаў арцыбіскуп.

«Мы асабліва глыбока ў сэрца прынялі яго заклік на цэнтральнай плошчы ў Варшаве, падчас яго першага візіту на сваю Бацькаўшчыну. Тады ён сказаў: „Няхай сыдзе Святы Дух і адновіць аблічча зямлі, гэтай зямлі!“ Мы пыталіся сябе саміх: а калі сыдзе Святы Дух і адновіць аблічча нашай зямлі?

Вуснамі Папы прамаўлялі духоўна зняволеныя народы Савецкага Саюза. Калі мы не маглі прамаўляць, ён прамаўляў за нас»,

— заўважыў іерарх.

Арцыбіскуп нагадаў, што дзякуючы мудраму і своечасоваму рашэнню Яна Паўла ІІ былі адроджаны структуры Каталіцкага Касцёла ў краінах былога СССР.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі дадаў, што гісторыя запомніла Вялікага Папу як «руплівага пастыра, знакамітага тэолага, апекуна моладзі, сведку Божай міласэрнасці, барацьбіта за сацыяльную справядлівасць і мір, будаўніка мастоў паміж рознымі веравызнаннямі, паэта і прыхільніка мастацтва».

«Для нас Ян Павел ІІ — найперш той, хто ўдыхнуў новую надзею падчас пераследаў атэістычнага рэжыму і паслядоўна вёў да свабоды рэлігіі. Як памяць пра гэтым у галоўным алтары мінскай катэдры знаходзіцца яго герб: крыж, літара „М“, што азначае Марыя, і словы дэвізу яго пастырскага служэння Totus Tuus —  „Увесь Твой“ Марыя», — са слязьмі на вачах адзначыў арцыбіскуп.

Гамілію іерарх завяршыў просьбай да святога Папы са словамі:

«Выпрасі ў Бога Касцёлу на Беларусі ласку паслухмянасці натхненням Святога Духа, каб ён заўсёды заставаўся верным сваёй місіі быць сакрамэнтам паўсюднага збаўлення».

На заканчэнне святой Імшы была прачытана спецыяльная малітва праз заступніцтва святога Яна Паўла ІІ, пасля чаго арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і архімандрыт Сяргей Гаек разам удзялілі благаслаўленне прысутным.

Абноўлена 18.05.2020 13:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.