Пошук

06.05.2020 13:33   Catholic.by

З прычыны пандэміі многія з запланаваных з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння святога Яна Паўла ІІ ўрачыстых мерапрыемстваў былі адменены або перанесены на пазнейшы час. У сувязі з гэтым Пастаянная рада Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі кіруе адмысловы зварот да беларускіх вернікаў.

Зварот Пастаяннай Рады Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры,

18 мая 2020 года спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння святога Яна Паўла ІІ. Гэты юбілей мы планавалі ўзбагаціць агульнабеларускай пілігрымкай у Рым, каб маліцца перад рэліквіямі Вялікага Папы, які моцна любіў Беларусь, адрадзіў структуры Каталіцкага Касцёла ў нашай Бацькаўшчыне і духоўна яе падтрымліваў.

Па незалежных ад нас прычынах, выкліканых пандэміяй каранавірусу, пілігрымка пераносіцца на пазнейшы і больш адпаведны час. Аднак гэта не азначае, што іншым чынам мы не можам годна адзначыць гэты юбілей. Некаторыя парафіі ўжо правялі ці праводзяць адмысловыя мерапрыемствы, конкурсы і да т.п.

Пастаянная Рада Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі звяртаецца да ўсіх парафій і манаскіх супольнасцяў з прапановаю ў Шостую Велікодную нядзелю 17 мая або 18 мая адзначыць юбілей 100-годдзя з дня нараджэння святога Яна Паўла ІІ і правесці адмысловыя набажэнствы падзякі Богу за Папу, дадзенага ў адпаведны час Божым Провідам.

Такім чынам беларускія католікі змогуць праявіць малітоўную салідарнасць з усім каталіцкім светам і з Папам Францішкам, які 18 мая будзе маліцца перад рэліквіямі святога Яна Паўла ІІ у ватыканскай базыліцы святога Пятра.

Юбілей 100-годдзя з дня нараджэння Яна Паўла ІІ таксама з’яўляецца добрай нагодай узгадаць і лепш пазнаць яго вучэнне, сведчанне жыцця, мастацкую творчасць і ўдзел у дабрачыннасці, такой патрэбнай у час выпрабавання эпідэміяй каранавірусу.

Усіх удзельнікаў юбілейных мерапрыемстваў, якія будуць маліцца ў гэты дзень у нашых касцёлах ці духоўна далучацца з дапамогаю сродкаў масавай камунікацыі, ад усяго сэрца благаслаўляем у імя Айца, + і Сына, + і Духа Святога.

Пастаянная Рада Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 5 мая 2020 г.

P.S. Святарам належыць паведаміць вернікам змест гэтага Звароту ў Пятую Велікодную нядзелю 10 мая 2020 г.

Малітва праз заступніцтва святога Яна Паўла ІІ

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.