Са сведчаннямі вернікаў парафіі святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Марыі Кольбэ ў Мінску, як яны перажываюць сітуацыю пандэміі, калі многія абмежавалі свае кантакты і не наведваюць касцёл, знаёміць Jan.by.
Падчас пандэміі, у такі незвычайны перыяд, шмат што змяняецца ў нашым жыцці, у нашых сэрцах. З’яўляюцца нейкія абмежаванні, складанасці. Мы абмяжоўваем кантакты, часам не можам нават абняць свайго сябра. З асаблівым выпрабаваннем сутыкнуліся многія вернікі, якія па прычыне небяспекі вымушаны заставацца дома і ўдзельнічаюць у святой Імшы толькі анлайн. Вядома, гэта няпростае рашэнне — адмовіцца ад таго, чаго сэрца так прагне.
Тыя вернікі з парафіі св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Марыі Кольбэ ў Мінску, якія цяпер бачаць цуд Эўхарыстыі толькі праз камп’ютары і смартфоны, напісалі невялікія лісты, у якіх распавядаюць, як яны перажываюць гэтую сітуацыю. Магчыма, іх сведчанні камусьці стануць падтрымкай на дарозе веры ў гэты складаны час, а камусьці дапамогуць пераасэнсаваць свае адносіны да Эўхарыстычнага Езуса і парафіяльнай супольнасці.
Маргарыта Капуста, лекар, якая разам з усімі медыкамі змагаецца супраць вірусу, абрала шлях самаізаляцыі, каб выпадкова не заразіць тых, хто побач:
— Стоячы на каленях перад абразом і ноўтбукам у Вялікі чацвер, Вялікдзень, бачачы, як святар падносіць Цела Хрыста, бачыла вас, прысутных на Эўхарыстыі, і, седзячы па другі бок экрана, я залівалася слязьмі... проста таму, што ніколі не думала, што я буду ў такіх абставінах... Вельмі складана тады адчуць у сэрцы, што ты такая ж частка супольнасці.
Хвала Пану за Яго веліч, што Ён, такі Вялікі, прыходзіць да мяне ў мой пакой...
Ірына Лісічкіна, знаходзіцца дома на самаізаляцыі з мужам і дачкой:
— Сёння 33-ці дзень, як я не прыходжу ў касцёл. Я добра памятаю нашу апошнюю сустрэчу «ўжывую». Гэта было 29 сакавіка... Мы, як заўсёды, усёй сям’ёй прыйшлі на Імшу а 9-й раніцы ў нашу каплічку... і хуценька пабеглі па сваіх справах пасля Імшы. Зараз я шкадую, што не затрымалася даўжэй. Ад таго моманту распачаўся «новы» этап майго жыцця. Я першы раз у жыцці перажывала вербніцу, Пасхальны трыдуум і сам Вялікдзень анлайн.
Падчас трансляцый з нашай каплічкі я часта плакала, бо мне хацелася хутчэй бегчы туды, да Бога, да людзей, да нашых ксяндзоў. Мая сям’я — гэта самая лепшая для мяне падтрымка. Муж абдымаў і казаў, што Бог прысутны ўсюды, Ён побач, капліца і людзі — толькі інструменты ў Яго руках. І я разумею, што ўсё так, але гэта вельмі цяжка перажыць і прыняць.
Каб неяк сябе падтрымаць, мы з дачушкай пачалі глядзець трансляцыі Імшаў з розных касцёлаў нашай краіны. Так мы пабывалі ў катэдры, у Чырвоным, «з’ездзілі» ў Івянец, ва Уручча да францішканаў. Кожны дзень новае месца. Апранаем святочнае адзенне, выстаўляем крыж, запальваем свечку, уключаем камп’ютар... і чакаем новага перамянення хлеба і віна ў Цела і Кроў. Сумую без Камуніі, хоць і злучаюся духоўна з усім Касцёлам, але душа прагне іншага. Не сказаць, каб ад такіх «падарожжаў» мне стала менш сумна, але патрошку вяртаецца ўпэўненасць, што ўсё часова, што ўсё зменіцца, што я змагу прыйсці ў капліцу і радавацца, што я вытрывала гэтае жыццёвае выпрабаванне.
Шкадую, што была ў споведзі толькі на пачатку сакавіка. Я прызвычаілася спавядацца раз на месяц і зараз не магу трываць... Божа, прабач за мае грахі, за занядбанні, за дрэнныя ўчынкі. Мне вельмі сумна, дай мне сілы годна вытрываць гэты час. Дзякуй, што Ты ўвесь час побач, што клапоцішся пра мяне і маю сям'ю.
Падтрымай усіх хворых і церпячых, усіх медыкаў і дабрачынцаў, і спыні, калі на тое Твая воля, гэтую эпідэмію. Хвала Табе!
Ганна Кабышава, правiзар, працуе ў аптэцы, не ходзіць у касцёл, таксама як і Маргарыта, каб не стаць пераносчыкам:
— Для мяне было цярпеннем не прымаць Езуса Хрыста ў святой Камунii, нягледзячы на яўнае суцяшэнне ў духоўнай Камунii i не толькi ў ёй.
Праз нейкi час з’явiўся бунт, у якiм важна было захаваць вернасць Хрысту. Калi маё ўнутранае адступленне расло, Пан прамовiў праз святара, што можна сустрэцца ў Камунii з Iм па-за святой Iмшой. Тады бунт узарваўся болем, паглынула шмат памылковых думак, гэта не давала сну — ратавалi словы святара: «Нягледзячы на ўсё, заставацца вернай Хрысту».
Часта бывае ў сяброўстве: калi паглынае боль, я гляджу толькi на свой боль, а праз нейкi час, паразмаўляўшы спакойна з сябрам, можам зразумець адно аднаго i адкрыць новыя гарызонты.
Для мяне гэты час — навучыцца жыць у Пану 24/7 у кожным месцы. Каб прыходзіць на Эўхарыстыю не да Таго, хто аздараўляе, цi штосьцi яшчэ. Але прыходзіць да Асобы, якую я люблю, наколькi ўмею, i з якой будую адносiны i ўсё жыццё.
Бог — гэта той Сябар, які заўсёды будзе чакаць сустрэчы з намі. Такімі думкамі дзеліцца з намі Дзяніс Угарэнка, настаўнік геаграфіі:
— Вось ужо месяц, як я не хаджу на Імшу. Вырашыў, што зараз будзе лепш часцей заставацца дома. Удзельнічаю ў анлайн-трансляцыях з нашай капліцы.
Але кожны раз мне чагосьці не хапае.
Гэтае адчуванне можна параўнаць з тым, калі пішаш паведамленне свайму сябру, якога даўно не бачыў.
З аднаго боку, ты ведаеш, што можаш напісаць яму сапраўдны ліст, які дасылаецца поштай. Для гэтага табе спачатку трэба запаліць святло настольнай лямпы, сесці ў сваё любімае крэсла, узяць асадку і пачаць пісаць усё тое, што ты так даўно хацеў яму сказаць.
З іншага боку, ты проста бярэш тэлефон у руку і набіраеш яму некалькі радкоў Вк, накшталт: «Прывітанне! У мяне ўсё добра. Як ты?»
Справа ў тым, што сапраўдны сябар будзе рады любому нашаму паведамленню, ён заўсёды нас чакае і прагне сустрэчы.
Дзякуй, Пане Божа, што ведаеш аб маім прагненні зноў пачуць Тваё жывое Слова, паяднацца з Табой у споведзі і святой Камуніі!