28 красавіка ў касцёл святога Казіміра ў Стоўбцах па просьбе пробашча парафіі ксяндза Ігара Лашука прыбыў абраз святой Барбары. Гэты абраз асвяціў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч у віцебскім касцёле і аб’ехаў з ім гарадскія шпіталі, благаслаўляючы іх.
Праз заступніцтва святой Барбары людзі звяртаюцца да Усемагутнага і Міласэрнага Бога падчас эпідэмій і цяжкіх хваробаў, а таксама просяць яе аб захаванні ад раптоўнай і неспадзяванай смерці. Малітва праз заступніцтва Вялікамучаніцы Барбары дае надзею, што пандэмія, якая прыносіць шмат цярпенняў Стаўбцоўшчыне, адступіць і не прынясе шматлікіх пакутаў.
Пасля вячэрняй святой Імшы 29 красавіка пробашч стаўбцоўскай парафіі ксёндз Ігар Лашук з абразом святой Барбары прайшоў паўз тэрыторыю Стаўбцоўскай цэнтральнай раённай бальніцы, благаславіў яе, узносячы праз заступніцтва святой мучаніцы свае малітвы за ўсіх хворых, просячы Пана Бога аб іх аздараўленні.
Святар памаліўся за медработнікаў, каб Бог захаваў іх ад хваробы і небяспекі заражэння, падтрымаў у гэты складаны час і даў ім сілы для самаадданай працы.
Былі ўзнесены таксама малітвы за Стоўбцы і ўсіх жыхароў райцэнтра і раёна, а таксама за кіраўніцтва Стаўбцоўшчыны, каб з дапамогай святой Барбары Пан Бог даў магчымасць годна прыняць гэты час выпрабаванняў і пазбавіў усіх ад небяспекі.
Абразом святой Барбары ксёндз Ігар благаславіў і новы касцёл. Цяпер ідзе работа над шпілем, які ўжо ўвянчаў прыгожы крыж.
«Святая Барбара, наша вялікая заступніца, атулі нас сваёй бязмежнай апекай у цяжкія моманты нашага жыцця. Будзь побач з намі ў небяспецы, якую нясе праца, і абараняй нас ад няшчасцяў. Засцерагай нас ад граху занядбання і невыканання абавязкаў, каб па ўласнай віне мы не наклікалі няшчасце на сябе і іншых. Просім цябе аб нястомнай апецы над людзьмі, з якімі здарылася няшчасце, і асабліва над дзецьмі-сіротамі», — з такімі просьбамі звярнуліся да святой вернікі.