
Складаная эпідэміялагічная сітуацыя зрабіла немагчымым правесці ў маі святкаванне 100-годдзя з дня нараджэння святога Яна Паўла ІІ, запланаванае ў парафіі святога апостала Андрэя ў Нарачы, але разам з тым адкрыла новыя магчымасці.
Ксёндз Ян Твардоўскі пісаў: «Калі Бог зачыняе дзверы, Ён адчыняе вакно».
Такім «адчыненым вакном» стала правядзенне анлайн-конкурсу малюнкаў для дзяцей парафіі.
Маладыя нарачанскія мастакі дасылаюць свае малюнкі ў групы, сацыяльныя сеткі і такім чынам даюць сваё сведчанне таго, што прыклад жыцця і вучэння святога Яна Паўла ІІ дае багаты плён.
Як адзначаецца на парафіяльным сайце Naracz.by, «адчыненае вакно» дало магчымасць далучыцца да парафіяльнага конкусу таксама дзеткам з Мінска і Пінска. Іх бацькі паходзяць з Нарачы і, выхаваныя на прыкладзе асобы святога Яна Паўла ІІ, перадаюць вучэнне любові і прабачэння Вялікага Папы сваім дзецям.
Пазнаёміцца з творчымі працамі маладых нарачанскіх мастакоў можна на сайце парафіі Naracz.by>>>
Дзіцячыя працы — гэта сведчанне маленькіх вернікаў, што не бывае сітуацый зусім без выйсця.