На кожны месяц 2020 года, які ў Касцёле на Беларусі з’яўляецца Пастырскім годам святога Яна Паўла ІІ, у парафіі святога Андрэя Апостала ў Нарачы падрыхтаваны адмысловы каляндар.
Нарачанцы адказна і актыўна адгукнуліся на ініцыятыву Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і падрыхтавалі цэлы шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных святому Яну Паўлу ІІ, які з’яўляецца адным з апекуноў тутэйшай парафіі. Мэта душпастырскіх акцый у тым, каб паўней адкрыць вернікам багацце асобы і вучэння Вялікага Папы-славяніна.
Парафіяльны каляндар Пастырскага года, прысвечанага святому Яну Паўлу ІІ, быў распрацаваны айцамі кармэлітамі, якія нясуць служэнне ў Нарачы, на чале з пробашчам а. Бэрнардам Радзікам OCD і ў шчыльным супрацоўніцтве з Ірынай Шнітоўскай, нарачанскай катэхеткай, якая шмат дапамагае айцам у парафіяльным душпастырстве.
План мерапрыемстваў змешчаны на парафіяльным сайце Naracz.by.
У студзені ў Нарачы ужо распачаліся катэхезы для дарослых і дзяцей, прысвечаныя жыццю і вучэнню святога Яна Паўла ІІ. Дзякуючы ім малодшыя нарачанскія вернікі рыхтуюцца да конкурсу ведаў, які пройдзе пад дэвізам бягучага Пастырскага года «Адчыніце дзверы Хрысту!».
У лютым ва ўспамін Маці Божай з Люрда ў Нарачы адзначаць Сусветны дзень хворых. Гэта душпастырская ініцыятыва святога Яна Паўла II, скіраваная на салідарнасць з тымі, хто церпіць і асабліва чакае дапамогі і падтрымкі. Святары скіруюцца з духоўнай падтрымкай да тых вернікаў парафіі, якія па стане здароўя не могуць быць у касцёле, каб іх паспавядаць і ўдзяліць сакрамэнт намашчэння хворых. Акрамя таго, у парафіі пройдзе акцыя «У кожным бачыць Хрыста», мэта якой у апецы над хворымі, састарэлымі, інвалідамі праз аказанне ім духоўнай, фізічнай і матэрыяльнай дапамогі.
У сакавіку духоўная спадчына святога Яна Паўла ІІ узбагаціць традыцыйныя велікапосныя набажэнствы і рэкалекцыі на тэму «Хрыстус ведае, што носіць у сабе чалавек».
У красавіку ў Нарачы адзначаць 15-ю гадавіну з дня смерці Вялікага Папы.
З гэтай нагоды адбудзецца працэсія да помніка святога Яна Паўла ІІ, усталяванага на прыкасцёльным цвінтары. Каля фігуры вернікі ўзнясуць малітву ўдзячнасці за прысутнасць у нарачанскім касцёле рэліквій Папы Божай Міласэрнасці, які адышоў у дом Нябеснага Айца ў вігілію гэтага свята.
У гэтым жа месяцы ў парафіі пройдзе конкурс ведаў для дзяцей і моладзі «Адчыніце дзверы Хрысту».
Святкаванне чарговай гадавіны святарства святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка, якое традыцыйна адзначаецца ў Нарачы, сёлета пройдзе пад дэвізам: «Святы Ян Павел ІІ і кардынал Казімір Свёнтак — апосталы нашых часоў».
У маі запланавана правесці дэканальны конкурс песні «Спевам славім Бога», прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння святога Яна Паўла ІІ.
Святкаванне юбілею Вялікага Папы ў парафіі будзе складацца са святой Імшы падзякі за ласкі, атрыманыя праз заступніцтва святога Яна Паўла ІІ, традыцыйнага конкурсу выпечкі «папскіх пірожных» і святочнага канцэрту.
Для дзяцей і моладзі будуць праведзены конкурс малюнкаў на тэму «Не бойцеся адчыніць дзверы Хрысту» і флэшмоб, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння святога Яна Паўла ІІ.
У чэрвені святая Імша ў інтэнцыі выпускнікоў мясцовых школ скіруе іх у дарослае жыццё з Езусам Хрыстом і з благаслаўленнем рэліквіямі святога Яна Паўла ІІ, а працэсія ва ўрачыстасць Божага Цела па вуліцах Нарачы стане публічным сведчаннем веры ў сапраўдную прысутнасць Езуса ў Эўхарыстыі.
У ліпені з Нарачы стартуе 25-я юбілейная пешая пілігрымка ў Будслаў пад дэвізам: «Тры дні з Езусам і Марыяй», а таксама Другая роварная пілігрымка на Мядзельскую Кальварыю: «Шляхам любові і прабачэння».
Навэнна перад урачыстасцю Маці Божай Шкаплернай на тэму «Шкаплер — знак матчынай апекі. Праз Марыю да Хрыста» падрыхтуе нарачанскіх парафіянаў да ўдзелу ў гудагайскіх урачыстасцях.
Фотавыстава «Святы Ян Павел ІІ і кардынал Казімір Свёнтак. Вам не здаецца, што яны падобныя?» і акцыя «Кветкі для Кардынала» будуць прымеркаваная да гадавіны адыходу ў вечнасць Казіміра Свёнтка — першага і адзінага кардынала ў сучаснай гісторыі Беларусі, прызначанага святым Янам Паўлам ІІ.
У жніўні ва ўрачыстасць святога Роха група вернікаў нарачанскай парафіі прыме сакрамэнт канфірмацыі.
У верасні пройдзе акцыя «Партфель школьніка», скіраваная на аказанне дапамогі дзецям з малазабяспечаных сем’яў падрыхтавацца да школы. У першым восеньскім месяцы таксама запланавана пілігрымка парафіянаў на радзіму святога Яна Паўла ІІ у Польшчу.
У кастрычніку падзякай за Пастырскі год стане ўдзел парафіянаў у Ружанцовых набажэнствах.
У літургічны ўспамін святога Яна Паўла ІІ адбудзецца працэсія да помніка святому Яну Паўлу ІІ і ўшанаванне яго рэліквій.
У лістападзе пройдзе дэканальная сустрэча моладзі «Андрэйкі» і хрысціянскі інтэлектуальны батл, прысвечаны асобе і вучэнню святога Яна Паўла ІІ
У снежні ў нарачанскай парафіі пройдуць адвэнтавыя рэкалекцыі на тэму: «Жыццё і вучэнне святога Яна Паўла ІІ».
Акцыя «Святы Мікалай ідзе да дзяцей» стане магчымасцю падарыць свята дзецям з малазабяспечаных сем’яў парафіі, а адрасатамі сумеснай акцыі «Падары цяпло свайго сэрца» парафіяльнай суполкі Caritas і моладзі парафіі будуць састарэлыя і самотныя.
Акрамя таго, у 16-ы дзень кожнага месяца ў нарачанскім касцёле адбываецца ўшанаванне рэліквій святога Яна Паўла ІІ.
Такі насычаны душпастырскі план можа стаць прыкладам для пераймання ў іншых парафіяльных супольнасцях нашай краіны, а таксама натхніць беларускіх душпастыраў і вернікаў на свае ўласныя цікавыя ініцыятывы, скіраваныя на ўшанаванне памяці святога Яна Паўла ІІ на працягу бягучага Пастырскага года.