У суботу 25 красавіка адбылося ўрачыстае благаслаўленне каталіцкага крыжа, які быў усталяваны напярэдадні Вялікай пятніцы на ўездзе ў Браслаў з боку Паставаў.
Як паведамляе сайт браслаўскага санктуарыя Маці Божай Валадаркі Азёраў Waladarka.by, дзякуючы плённаму супрацоўніцтву тутэйшых вернікаў з уладамі і арганізацыямі раёна ўсталяванне крыжа стала сапраўды супольнай справай: талакой.
Падчас суботніка 29 сакавіка адбылося добраўпарадкаванне тэрыторыі, якую дапамог правесці Відзаўскі прафесійна-тэхнічны каледж. Старшыня райвыканкама Аляксандр Баданін разам са старшынёй райсавета Нінай Пучынскай пасадзілі туі. Крыж зрабіў майстар Андрэй Брынза, які ўжо не першы год працуе ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў. Дапамаглі таксама СВК «Маяк Браслаўскі», браслаўская ЖКГ на чале з Пятром Белусем і ДЭУ № 34 горада Браслава.
Нягледзячы на не па-веснавому халоднае надвор’е і складаную эпідэміялагічную сітуацыю, на благаслаўленне крыжа сабралася нямала людзей.
Тут былі і ўсе ксяндзы сальватарыяне, якія нясуць душпастырскае служэнне ў браслаўскай парафіі і апякуюцца санктуарыем, сёстры эўхарысткі, якія ім у гэтым рупліва дапамагаюць, вернікі і ганаровыя госці — тыя, хто прычыніўся да пачэснай справы.
Падчас цырымоніі благаслаўлення крыжа пробашч браслаўскай парафіі ксёндз Станіслаў Мжыглуд SDS адзначыў:
«Гледзячы на гэты крыж, будзем памятаць, што, паміраючы на ім, Хрыстус паказаў нам сваю бязмежную любоў. Праслаўляючы Крыж, будзем памятаць пра Хрыста, які праз Кроў сваю, пралітую на ім, знішчыў усялякія падзелы, што існуюць паміж людзьмі, і з розных народаў учыніў адзін Божы народ. Аддаючы пашану Крыжу, успомнім, што як вучні Хрыста мы пакліканы да нясення нашага штодзённага крыжа і да наследавання Пана. Пастараемся яшчэ глыбей зразумець таямніцу Крыжа і яго збаўчую моц», — дадаў святар, нагадаўшы, што Крыж з’яўляецца знакам Божай міласэрнасці і сведчаннем веры.
У малітве ксёндз пробашч даручыў Богу ўсіх тых, хто будзе ўшаноўваць гэты прыдарожны крыж. На заканчэнне абраду ўсе прысутныя памаліліся «Ойча наш» і атрымалі благаслаўленне.
Старшыня райвыканкама Аляксандр Баданін, адказваючы на словы ўдзячнасці, якія ад імя браслаўскіх католікаў скіраваў да яго ксёндз Станіслаў, зазначыў, што ўсталяванне крыжа — гэта справа, зробленая разам, і што такое супрацоўніцтва вельмі важнае.
Словы прадстаўніка мясцовай улады былі падтрыманыя гучнымі воплескамі.
Перад тым, як разысціся, удзельнікі разам памаліліся таямніцу Святога Ружанца і праславілі Крыж супольным спевам.