Каталіцкі крыж на ўездзе ў горад, дзе знаходзіцца дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Браслаўскай, Валадаркі Азёраў, быў усталяваны напярэдадні Вялікай пятніцы — дня, калі Езус Хрыстус аддаў жыццё на крыжы дзеля збаўлення ўсіх людзей.
Раней сайт браслаўскага санктуарыя Waladarka.by са спасылкай на Вraslav-star.by паведамляў, што ў Краснасельцах на скрыжаванні каля АЗС падчас суботніка 29 сакавіка адбылося добраўпарадкаванне пляцоўкі для ўсталявання крыжа.
Месца для крыжа выбрана вельмі прыгожае, на маляўнічым узгорку над возерам.
У азеляненні прылеглай тэрыторыі ўдзельнічалі старшыні райвыканкама і райсавету Аляксандр Баданін і Ніна Пучынская, а таксама пробашч браслаўскай парафіі ксёндз Станіслаў Мжыглуд SDS.
Як паведаміў Catholic.by ксёндз Станіслаў, асвячэнне крыжа адбудзецца пазней, ужо пасля Вялікадня. Дата будзе ўзгоднена з гарадскімі ўладамі, якія паспрыялі таму, каб на ўездзе ў Браслаў з’явіўся гэты крыж.