Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
ВОСЬ Я, ПАНЕ, ПАШЛІ МЯНЕ
Пастырскае пасланне на Нядзелю Добрага Пастыра, 3 мая 2020 г.
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!
1. Сёння, у Чацвёртую Велікодную нядзелю, Каталіцкі Касцёл распачынае Тыдзень малітваў аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця. Святары, законнікі і законніцы прыходзяць не з космасу, але з нашага асяроддзя, з нашых сем’яў. Хрыстус, калі паглядзеў на людзей, то сказаў, што яны — як авечкі без пастыра, і заклікаў маліцца, бо жніво вялікае, а працаўнікоў мала (пар. Лк 10, 2).
Мінула тры дзесяцігоддзі ад распачацця працэсу адраджэння Касцёла на Беларусі пасля трох пакаленняў ганенняў. За гэты час нямала зроблена ў справе фармацыі новых святароў і кансэкраваных асобаў.
Трыццаць гадоў таму, у 1990 годзе, у Гродне была заснавана Вышэйшая духоўная семінарыя, якая за гэты час падрыхтавала 212 маладых святароў. З іх 202 для Беларусі, 9 — для Украіны і 1 — для Казахстана (звесткі з архіву Гродзенскай дыяцэзіі). У 2001 годзе ў Пінску аднавіла сваю дзейнасць Вышэйшая духоўная семінарыя імя святога Тамаша Аквінскага, з якой выйшлі 45 новых святароў (звесткі з архіву Пінскай дыяцэзіі).
52 дыяцэзіяльныя святары прайшлі фармацыю ў розных краінах за мяжой з мэтай пазнання пастырскага досведу паўсюднага Касцёла (звесткі з архіваў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Гродзенскай, Віцебскай і Пінскай дыяцэзій). Таксама, з прычыны адсутнасці сваіх фармацыйных цэнтраў у Беларусі, манаскія супольнасці карыстаюцца замежнымі.
У цэлым за мінулыя трыццаць гадоў было падрыхтавана каля 400 святароў.
Агульная колькасць святароў, якія цяпер служаць у Беларусі, — 481, з іх 75 замежныя (звесткі з архіваў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Гродзенскай, Віцебскай і Пінскай дыяцэзій). Калі параўнаем з тым, што трыццаць гадоў таму было ўсяго каля 60-і святароў, то відавочна, што іх колькасць значна павялічылася.
Аднак на прыкладна паўтара мільёны католікаў гэтага вельмі мала, бо на аднаго святара прыпадае больш за тры тысячы вернікаў. У той жа час, напрыклад, у Польшчы, дзе душпастырства арганізавана на вельмі высокім узроўні, гэты паказчык складае 1200. Таму, каб нам дасягнуць такога самага ўзроўню, неабходна мець у два з паловай разы больш святароў, гэта азначае 1250.
Патрэбы растуць, а колькасць святароў павялічваецца слаба. Больш за тое, у апошнія гады назіраецца спад пакліканняў, што ставіць пад пытанне будучыню Касцёла ў нашай Айчыне. Хрыстус кліча столькі, колькі патрэбна, але, на жаль, не ўсе чуюць Яго голас і не спяшаюцца адказаць на яго.
Дапамагчы ў паляпшэнні складанай сітуацыі можа малітва аб пакліканнях, адпаведнае выхаванне маладых людзей і пачуццё адказнасці саміх пакліканых. Калі Бог кліча, то неабходна разам з прарокам Ісаяй адказаць: «Вось я, Пане, пашлі мяне» (Іс 6, 8). Без добра падрыхтаваных святароў і адпаведнай іх колькасці немагчыма арганізаваць агульнае і спецыялізаванае душпастырства.
Прымаўка кажа, што святое месца пустым не бывае. Калі не будзе святароў, то іх месца зоймуць розныя «гуру», псеўдапастыры і сродкі масавай інфармацыі, якія і так ужо вельмі моцна ўплываюць на выхаванне людзей, асабліва маладых.
2. Падчас адной з перадач найбуйнейшай у свеце каталіцкай тэлерадыёкампаніі EWTN, заснаванай легендарнай амерыканскай законніцай Маці Анджэлікай, была прадстаўлена наступная пародыя на Псальм 23 (22):
Телевізар — мой пастыр.
Я ні ў чым не буду мець нястачы.
Ён супакойвае мяне на канапе.
Адхіляе ад Бога.
Нішчыць душу.
Накіроўвае на шлях граху.
Не перашкаджае рабіць зло.
Яго пульт дыстанцыйнага кіравання супакойвае мяне.
Прапагандуе грэшнае жыццё.
Намашчае галаву алеем свецкага гуманізму і спажывальніцтва.
Мая сквапнасць перамагае мяне.
Духоўная лянота будзе суправаджаць мяне ва ўсе дні майго жыцця.
Буду жыць вечна ў доме майго няшчасця, гледзячы тэлевізар.
Які жахлівы жыццёвы шлях прадстаўляе гэтая пародыя! Разам з тым Святое Пісанне прапануе іншы шлях, паказаны ў словах таго самага Псальму ў яго сапраўдным гучанні:
Пан — пастыр мой, ні ў чым не буду мець нястачы,
Ён дазваляе спачываць мне на зялёных пашах.
Да водаў спакойных вядзе мяне,
Ён душу маю пажыўляе.
Накіроўвае мяне на сцежкі справядлівасці
дзеля Імя свайго.
Калі нават пайду далінай смяротнага ценю,
не буду баяцца зла, бо Ты са мною.
Тваё жазло і Твой посах мяне суцяшаюць.
Ты стол для мяне накрываеш
на вачах маіх ворагаў;
намашчаеш галаву маю алеем,
келіх мой перапоўнены.
Сапраўды, дабрыня і міласэрнасць Твая будуць са мною
ва ўсе дні жыцця майго,
і пасялюся я ў доме Пана
на доўгія дні.
Пс 23 (22), 1–6
Мы бачым, што гэтыя словы паказваюць зусім іншую перспектыву, а менавіта — прыгожы шлях, які вядзе да жыцця, міру і сапраўднага шчасця.
Езус у Евангеллі прадстаўляе сябе Добрым Пастырам, які прыйшоў, каб мы мелі жыццё ў дастатку (пар. Ян 10, 10–11).
Гэтыя словы маюць выключнае значэнне ў Велікодны перыяд. Мы ўспамінаем смерць і ўваскрасенне Езуса Хрыста. Ён памёр, каб уваскрэснуць і паказаць, што чалавек створаны не для смерці, але для жыцця. А каб мець жыццё ў дастатку, мы павінны памерці для граху з мэтай адрадзіцца да новага жыцця ў Божай ласцы.
3. Сучасны бездухоўны свет для вырашэння існуючых праблем прапануе метады, якія не толькі не вырашаюць іх, але пагаршаюць сітуацыю. У выніку лекі становяцца горшымі за хваробу.
Езус вучыць, што шлях да шчасця ляжыць не ў ажыццяўленні нашых пажаданняў, а ў следаванні за Ім. Менавіта таму Ён кажа: «Я — брама. Калі хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены, і ўвойдзе, і выйдзе, і знойдзе пашу» (Ян 10, 9).
У сувязі з гэтым у год юбілею 100-годдзя нараджэння св. Яна Паўла ІІ мы павінны яшчэ з большай пашанай адносіцца да яго слоў: «Адчыніце дзверы Хрысту».
Гэта магчыма толькі праз праз служэнне святароў, якія дзейнічаюць не ад свайго імя, але ад імя Езуса і Ягонай моцай.
4. У Палестыне ў часы Езуса авечкі начавалі ў спецыяльным загоне. Звычайна ён будаваўся ў форме кола з каменных сценаў з брамай, у якой ноччу спаў пастыр. Таму ніводная авечка не магла выйсці з загону самавольна.
Езус, як Добры Пастыр, з’яўляецца брамай для сваіх вернікаў, і кожны, хто пройдзе праз яе, будзе бяспечны і ў свой час знойдзе духоўны пасілак.
Касцёл патрабуе пастыраў, каб сцераглі статак сваіх вернікаў ад сучасных ваўкоў у авечай шкуры, якімі з’яўляюцца розныя антыдухоўныя ідэалогіі і амаральныя жыццёвыя практыкі, і кармілі яго здаровай духоўнай ежай.
5. Святы Ян Павел ІІ вучыць, што святарства з’яўляецца адной са шматлікіх формаў рэалізацыі закліку Хрыста ісці за Ім (пар. Лк 5, 27). Гэта Божы план, дзякуючы якому мы рэалізуем сябе саміх. Ён ажыццяўляецца толькі тады, калі мы яго распазнаём і прымаем як наш план і праграму жыцця.
Мы цешымся таму, што, дзякуючы свабодзе веравызнання, маем больш магчымасцяў для развіцця духоўнага жыцця. Ключавая роля ў гэтым працэсе належыць святарам і кансэкраваным асобам. Аднак прыведзеная вышэй статыстыка паказвае вялікі іх недахоп.
Перад абліччам такой небяспечнай для будучыні Касцёла на Беларусі сітуацыі мы не можам застацца абыякавымі: маўляў, неяк там будзе.
Не будзе, калі не будзем пастаянна прасіць Езуса і калі не будзем дапамагаць тым, каго Ён выбраў, каб новыя святары і кансэкраваныя асобы прыйшлі на вялікае жніво нашага Касцёла. Гэта наша агульнае заданне — святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў.
Для яго плённай рэалізацыі ўсім нам неабходна сваім жыццём сведчыць дар Божага паклікання да розных станаў; маліцца аб пакліканнях да Божай службы і ўдасканальваць душпастырства ў гэтай галіне; клапаціцца аб выхаванні дзяцей у сем’ях у духу распазнання Божай волі і паслухмянасці ёй.
6. Молячыся аб пакліканнях, таксама неабходна маліцца, каб маладыя людзі не баяліся адказаць «так» на заклік Бога. Сучасны матэрыялізаваны свет з яго абяцаннямі імгненнага зямнога шчасця не спрыяе духу паклікання. Таму вельмі часта першай рэакцыяй на пакліканне з’яўляецца боязь. Яна паралізуе маладых людзей і гэтым самым засмучае Езуса, аслабляе Касцёл і нараджае незадавальненне ў душы. На самай справе, пакліканне не павінна быць прычынай боязі, бо вядзе да радасці працягваць місію Хрыста.
Мы верым у Езуса Хрыста і моц боскіх звышнатуральных дароў, якімі Ён адорвае пакліканых да Божай службы. Таму наша вера павінна праяўляцца ў гарачай малітве аб пакліканнях і іх падбадзёрванні, каб заклік святога Яна Паўла ІІ «Не бойцеся» дапамог ім ісці гэтым шляхам.
У сёлетнім Пасланні на 57-ы Сусветны дзень малітвы аб пакліканнях Папа Францішак кажа, што Бог ведае, што жыццёвае рашэнне прысвяціць сябе Яго службе патрабуе мужнасці. Менавіта таму Ён запэўнівае нас: «Не бойцеся, Я з вамі». Вера ў Яго прысутнасць, якая выходзіць нам насустрач і суправаджае нас, нават калі мора нашага жыцця ўзбурана, вызваляе нас ад стомленасці, якая блакуе нашае пакліканне і не дае нам адчуць яго прыгажосць.
Кожны малады чалавек мае нейкую мару; вельмі часта яму хочацца быць падобным да славутых людзей, сваіх куміраў — артыстаў, спартоўцаў, палітыкаў, навукоўцаў, эканамістаў і г.д. Але ці можа быць нехта больш славуты за Хрыста? Не. Такога не было і не будзе!
Хрыстус абвяшчаў Евангелле, дапамагаў патрабуючым, лячыў хваробы цела і душы. Святары пакліканы працягваць гэтую місію, якая заўсёды актуальная.
Паказала гэта і пандэмія каранавірусу, калі неабходна дапамагаць людзям духоўна і ўчынкамі міласэрнасці. Больш за 100 святароў, якія служылі людзям, у тым ліку і інфіцыяваным, памерлі толькі ў Італіі. Заклікаю да малітвы ў іх інтэнцыі. Яны аддалі сваё жыццё, каб іншыя жылі.
Мы ж павінны прасіць Бога аб шматлікіх і святых пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця. Толькі тады ў нас будзе дастаткова тых, хто моцаю Божаю абвяшчае вечную праўду Евангелля ў заражаным вірусам граху свеце, праз цэлебрацыю сакрамэнтаў вядзе да жывой крыніцы збаўчай Божай ласкі і ў любові служыць патрабуючым, у тым ліку тым, хто знаходзіцца пад пагрозай розных эпідэмій.
Давяраючы ўсіх вас і асабліва тых, каго Езус кліча да святарскага і манаскага служэння, Марыі, Каралевы апосталаў і Маці святароў, ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Амэн.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Мінск, 28 красавіка 2020 г., успамін св. Людвіка Марыі Грыньён дэ Манфора, прэзбітэра
P.S. Святарам належыць прачытаць гэтае Пастырскае пасланне вернікам у Чацвёртую Велікодную нядзелю, 3 мая 2020 г.