Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі працягвае аказваць дапамогу медыцынскім і сацыяльным установам ў перыяд пандэміі.
У Віцебскай вобласці для лекараў і пацыентаў Браслаўскага і Докшыцкага цэнтральных раённых шпіталяў супрацоўнікі арганізацыі праз валанцёраў перадалі шматразовыя ахоўныя маскі, памперсы і пракладкі.
Для Мінскага цэнтральнага раённага шпіталя перададзены медыцынскія халаты, бахілы, папяровыя ручнікі, памперсы, пракладкі, медыцынскія шматразовыя маскі.
У РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі перададзены шматразовыя ахоўныя маскі і памперсы.
Па запыце шпіталя ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны сумесна з парафіяй св. Францішка Асізскага ў Мінску закуплены і перададзены супрацьэпідэмічныя касцюмы і ахоўныя шчыткі.
Працягвае сваю працу дабрачынны праект «Табіта», у межах якога сацыяльныя работнікі і валанцёры Caritas аказваюць дапамогу па догляду цяжкахворых людзей дома.
Таксама кожны дзень супрацоўнікі дабрачыннага таварыства забяспечваюць пастаяльцаў сталічнага Дома начнога знаходжання асобаў без пэўнага месца жыхарства гарачымі абедамі. Звычайна з прыходам вясны колькасць жыхароў ва ўстанове зніжаецца, аднак у перыяд пандэміі пастаяльцаў больш.
Сродкаў, запланаваных на гэты перыяд, не хапае: паўстала неабходнасць у леках, дэзінфікуючых сродках і ахоўных масках. У сувязі з гэтым супрацоўнікі Caritas распачалі дабрачынны збор у падтрымку бяздомных на пляцоўцы MolaMola.
Акрамя гэтага, у Caritas закупілі тканіну і швейныя прыналежнасці. На сённяшні дзень шыюць маскі восем валанцёраў таварыства і сёстры дамініканкі з Мінска. Дапамагаюць ім супрацоўнікі Дзіцячага рэабілітацыйнага цэнтра Caritas, дзе знаходзяцца дзеці з анкалагічнымі захворваннямі.
Партыямі маскі пастаўляюцца ў бальніцы, імі ж забяспечваюцца супрацоўнікі і падапечныя дабрачыннага каталіцкага таварыства.