Сёння свет перажывае складаны час, звязаны з распаўсюджваннем інфекцыі СOVID–19. У сувязі з гэтым ва ўсім свеце узносяцца малітвы і праводзяцца набажэнствы ў інтэнцыі спынення пандэміі, у якіх удзельнічаюць таксама будучыя святары ў гродзенскай семінарыі.
Як паведамляе партал Grodnensis.by, практычна з самага пачатку ўспышкі вірусу ў Беларусі студэнты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне штодзённа пачалі разам маліцца Ружанец у гэтай інтэнцыі. Кожны вечар у семінарыйнай капліцы збіраюцца семінарысты і выхавацелі, каб праз заступніцтва Багародзіцы прасіць у Бога патрэбныя ласкі на гэты складаны для ўсяго чалавецтва перыяд.
У сваіх малітвах будучыя святары памятаюць пра лекараў і ўсіх медыцынскіх супрацоўнікаў; вучоных, якія шукаюць сродкі барацьбы з вірусам, а таксама пра ахвяраў пандэміі.
Асабліваю малітваю яны ахінаюць тых, хто ўжо захварэў. Вельмі важна, каб гэтыя людзі не гублялі надзеі і свае цярпенні злучалі з цярпеннямі Езуса Хрыста, бо кожнае цярпенне з Езусам не можа быць дарэмным. Божаму Провіду семінарысты давяраюць увесь свет, паглынуты панікай — менавіта гэтае пачуццё перашкаджае людзям даверыцца Божай дабрыні і любові.
Акрамя ружанцовай малітвы, падчас кожнай святой Імшы будучыя святары моляцца аб спыненні пандэміі ў нашай краіне і ва ўсім свеце.
Падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту сумесна спяваецца суплікацыя «Святы Божа» і штодзённа пасля абеду семінарысты моляцца праз заступніцтва святога Роха, просячы выбаўлення ад каранавірусу і палёгкі для ўсіх хворых.
У гэты складаны для ўсяго свету час кожнаму чалавеку, як хвораму, так і здароваму, важна ўсвядоміць, што ён не пакінуты і не адкінуты супольнасцю. Людзі сталі як ніколі салідарныя адзін з адным у справе барацьбы з новым вірусам.
Касцёл стараецца ўсімі сіламі данесці свету, што ніхто не застаецца сам-насам з гэтай праблемай: кожны чалавек ахінуты малітоўнай падтрымкай. І ў першую чаргу мы, хрысціяне, павінны памятаць аб тым, што наш Пан Езус Хрыстус заўсёды побач з намі, і таму з верай і надзеяй прасіць аб патрэбных ласках для кожнага з нас на складаны перыяд пандэміі.