23 красавіка ў Вялікай Страчы, што на самай мяжы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Гродзенскай дыяцэзіі, адзначылі ўспамін святога Адальбэрта Пражскага, або Войцеха — біскупа і мучаніка, тытул якога мае капліца, што ўжо амаль тры дзесяцігоддзі дзейнічае ў аграгарадку і збірае на супольную малітву вернікаў з навакольных вёсак і хутароў.
Тутэйшым людзям пашанцавала жыць у вельмі прыгожых мясцінах, на берагах маляўнічай рэчкі Страча, што ўецца сярод палёў і бароў, а побач, нібы каштоўныя каралі, пераліваецца чыстым крышталем ланцужок Сарачанскіх азёраў. Радуюць вока і першацветы ў засені гонкіх хвой і елак, і першая веснавая квецень у садах. Вясна прыйшла ў гэты прыгожы край — вясна новага жыцця.
Так і тры дзесяцігоддзі таму на гэтыя землі пасля завейнай атэістычнай зімы нялюдскага савецкага рэжыму прыйшла вясна адраджэння, вясна веры і надзеі, вясна Касцёла.
Яе першымі «ластаўкамі» сталі святары, якіх так не хапала ў савецкія часы пабожным жыхарам даўняга Віленскага краю. Сярод гэтых маладых рупліўцаў, якія неслі вясну ў наш знясілены зімовай сцюжай пераследу Касцёл, быў ксёндз Войцех Леманскі, першы новапрызначаны пробашч у адроджанай парафіі святога Мікалая ў Свіры. Гэты святар адбудоўваў не толькі ператвораны ў ваенны завод прыгожы касцёл у мястэчку, але і Касцёл-супольнасць, складзены з жывых камянёў тутэйшых людзей.
І паступова абудзілася, ажыла вялікая парафія колішняга Віленскага краю. Расквітнелі ўсмешкамі твары старых, зазвінелі ў святыні галасы моладзі, зашчабяталі дзеткі, якіх сёстры з Супольнасці Дачок Марыі Беззаганнай пачалі вучыць малітвам і катэхізісу…
Людзі, духоўна згаладалыя, гарнуліся да касцёла.
Паколькі свірская парафія ў сваіх гістарычных межах займае вялікую тэрыторыю, плёнам вясны Касцёла тут сталі дзве каплічкі: святых апосталаў Пятра і Андрэя ў Дабраўлянах і святога Войцеха ў Вялікай Страчы.
І сёння літургічны ўспамін гэтага святога біскупа і мучаніка з’яўляецца не толькі адным з парафіяльных фэстаў, але і выразам удзячнасці тым, хто нанава ўзараў доўгі час занядбаную глебу чалавечых душаў і кінуў у яе зерне жывога Божага слова, што сёння спора каласіцца і прыносіць шчодры плён хрысціянскага жыцця.
Сведчанне гэтага — моладзь і дзеці, які, нягледзячы на складаны час эпідэміі, калі вернікаў у святынях зусім няшмат, прыйшлі ў сваю капліцу, каб як звычайна дапамагаць падчас Імшы: чытаць чытанні, спяваць псальм, удзельнічаць у працэсіі.
Тое, што ксёндз Войцех сеяў, ужо доўгі час рупліва даглядае і палівае яго наступнік ксёндз канонік Багуслаў Маджэеўскі — таксама святар fidei donum, «дару веры», які, пакінуўшы радзіму, прыехаў у Беларусь, каб тут ва ўмовах вострага недахопу работнікаў працаваць на Божай ніве.
Так некалі і біскуп Войцех, вядомы ў Касцёле як святы Адальбэрт Пражскі, назаўсёды выехаў з роднай Чэхіі, каб занесці святло Евангелля далёкім народам, што жылі тады ў змроку і цені язычніцтва, у тым ліку і на нашых землях.
23 красавіка 997 года ён аддаў сваё жыццё за веру, прыняўшы мучаніцкую смерць ад рук тых, каму імкнуўся занесці слова жыцця.
У дзень мучаніцкай смерці і літургічнага ўспаміну святога Адальбэрта, або Войцеха, цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ў капліцы ў яго гонар узначаліў пробашч суседняй парафіі святога арханёла Міхала ў Міхалішках ксёндз Анатоль Захарэўскі. У прамоўленым Божым слове святар адзначыў, што, нягледзячы на тое, што пры жыцці біскупу Войцеху нічога не ўдавалася, яго служэнне і смерць прынеслі шчодры плён веры там, куды раней яшчэ не трапіла жыццядайнае святло Евангелля.
«Няпроста складалася жыццё біскупа Адальбэрта. З-за тагачасных палітычных інтрыг яго двойчы выганялі з ягонай біскупскай кафедры ў Празе. Уступіўшы ў ордэн бэнэдыктынаў, ён як місіянер скіраваўся на прускія землі, населеныя ў той час варожымі да хрысціянства язычнікамі. Але зноў няўдача: не паспеўшы як след распачаць пропаведзь і служэнне, біскуп Войцех быў забіты.
Здавалася, яму так нічога і не ўдалося. Але, нібы зерне, што памірае ў раллі, дае багаты плод, так і мучаніцкая смерць святога Адальбэрта прынесла шчодры духоўны плён», — сцвердзіў ксёндз Анатоль.
Так склалася, што ў гэты самы дзень у Касцёле адзначаецца ўспамін яшчэ аднаго мучаніка — святога Юрыя, імя якога вельмі папулярнае на Беларусі. Таму вернікі ў Страчы асабліваю малітваю ахінулі імяніннікаў: выпускніка духоўнай семінарыі ў Пінску і дактаранта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта Юрыя Рашатко, які цяпер праходзіць у свірскай парафіі душпастырскую практыку перад прыняццем сакрамэнту пасвячэння, а таксама біскупа Юрыя Касабуцкага, які традыцыйна штогод падзяляе з мясцовымі вернікамі радасць падчас парафіяльных святаў і важных падзей касцёльнага жыцця.
У дзень успаміну святога Войцеха, апекуна капліцы ў Страчы, іерарх перадаў пробашчу парафіі ксяндзу Багуславу і ўсім тутэйшым жыхарам пастырскае благаслаўленне, запэўніўшы ў сваёй малітве за іх.
…Дзякуй Богу, скончылася зіма атэістычнага пераследу, і, калі ўглядаешся ў твары вернікаў, калі разам з імі молішся і ідзеш за Уваскрослым Хрыстом у Эўхарыстычнай працэсіі, з’яўляецца ўпэўненасць, што неўзабаве скончыцца і сённяшняя «пандэмічная зіма» і што новая вясна, поўная жыццядайнай сілы, напоўніць лёгкія мясцовага Касцёла свежым, здаровым паветрам, поўным водараў квецені, якая абяцае шодры плён Божых ласкаў і багаты ўраджай хрысціянскага жыцця і непераможнай любові.