У парафіі святога Францішка ў Салігорску пачаўся збор ахвяраванняў для дапамогі Салігорскай бальніцы і мясцовым медработнікам.
Ахвяраванні можна скласці ў скрыню для ахвяраванняў адразу пры ўваходзе ў касцёл.
Як паведамілі вернікам парафіі, на ўсе сродкі, якія будуць сабраныя, набудуць маскі, аднаразовыя пальчаткі, туалетную паперу, аднаразовыя ручнікі, рэспіратары. Усё гэта будзе перададзена бальніцы ў Салігорску.
Ужо 15 красавіка парафіяне разам са сваім пробашчам айцом Сабеславам Тамалам OFM перадалі ў Салігорскую цэнтральную раённую бальніцу дапамогу для медперсаналу і хворых (маскі, рэспіратары, ахоўныя акуляры і шчыткі для твару, пальчаткі, еўрабахілы і інш.).
Таксама пробашч перадаў у корпус А бальніцы рукапісны абраз Хрыста Пантакратара.
«Няхай гэты абраз Хрыста ўсім, хто зірне на яго, умацуе веру, дасць надзею на выздараўленне і спашле любоў і міласэрнасць людзей, якія побач. Урачам і ўсім медработнікам жадаю здароўя, міру і дабра. Няхай благаславіць вас Пан Усемагутны, Айцец і Сын, і Дух Святы!» — з такімі словамі звярнуўся а. Сабеслаў да працаўнікоў медустановы.
Святар нагадаў, што, як сказаў святы Аўгустын, у жыцці кожнага чалавека важныя дзве рэчы: малітва і праца. Пробашч падзякаваў усім за малітву і заклікаў маліцца няспынна.
«Малітва — гэта неад'емная частка жыцця кожнага хрысціяніна. І праца. Для Бога і для бліжняга. Кожны чалавек створаны на вобраз і падабенства Божае і з'яўляецца нашым бліжнім», — дадаў ён.
«Зараз няпростая сітуацыя, і я, ваш душпастыр, звяртаюся да вас з просьбай адкрыць свае сэрцы на патрэбы бліжніх, быць па-хрысціянску салідарнымі, адважнымі, добразычлівымі, навучаць тых, хто сумняецца, падбадзёрваць тых, каму страшна.
І не толькі добрым словам, не толькі шчырай усмешкай, але і справамі. Вера без учынкаў мёртвая!»
— адзначыў пробашч.