Пошук

12.10.2023 10:34   Тэкст: Людміла Трухан / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

8 кастрычніка ў Салігорску (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Нясвіжскі дэканат) адзначылі адпустовую ўрачыстасць у гонар святога Францішка, апекуна тутэйшай каталіцкай парафіі.

У дзень парафіяльнага свята салігорскія вернікі мелі магчымасць маліцца перад спісамі найбольш шанаваных на нашых землях цудадзейных абразоў Найсвяцейшай Панны Марыі, якія за тыдзень да гэтага прыбылі ў іх святыню ў межах перэгрынацыі, што ўжо трэці год адбываецца па Беларусі і за мяжой.

На пачатку ўрачыстай святой Імшы пробашч парафіі ў Салігорску айцец Сабеслаў Тамала OFM ад імя ўсіх мясцовых вернікаў прывітаў ксяндза Станіслава Станеўскага CSsR, куратара і духоўнага кіраўніка перэгрынацыі спісаў цудадзейных абразоў Маці Божай, з вуснаў якога вернікі пачулі гамілію. У прамоўленым Божым слове святар засяродзіўся на жыцці і дзейнасці святога Францішка, адзначыўшы яго бязмежную любоў да Збаўцы і Яго Найсвяцейшай Маці.

У святочны дзень салігорскія парафіяне дзякавалі Богу, Найсвяцейшай Панне Марыі ў Яе цудадзейных выявах і святому Францішку, апекуну іх супольнасці, за ўсе атрыманые ласкі, за касцёл і за свайго пробашча, у якога, паводле іх словаў, «шчырае сэрца і залатыя рукі».

Сабраныя ў святыні вернікі выказалі падзяку ўсім святарам і людзям добрай волі, дзякуючы якім Маці Божая ў спісах цудадзейных абразоў вандруе па парафіях, а ў гэтую адпустовую ўрачыстасць завітала таксама ў Салігорск, каб выслухаць малітвы і прыйсці з матчынай дапамогай ва ўсіх клопатах і турботах, каб даць суцяшэнне і запаліць святло надзеі ў сэрцы кожнага верніка.

Літургія завяршылася Эухарыстычнай працэсіяй вакол святыні.

З нагоды парафіяльнага фэсту перад касцёлам быў арганізаваны святочны кірмаш, які стаў ужо добрай традыцыяй у парафіі.

На кірмашы можна было набыць рэлігійныя рэчы і смачную выпечку салігорскіх гаспадынь, а таксама згуляць у латарэю святога Францішка, якую заўсёды рыхтуе пробашч.

У латарэі з цікавасцю і задавальненнем бяруць удзел не толькі дзеці і моладзь парафіі, але і дарослыя.

  
Абноўлена 12.10.2023 11:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.