Увечары 11 красавіка ў мінскім архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю Пасхальнай вігіліі ў святую ноч Уваскрасення Хрыста.
Разам з арцыпастырам маліліся Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, катэдральнае духавенства і некалькі дзясяткаў вернікаў, якія прыйшлі ў касцёл, каб асабіста ўдзельнічаць у самай галоўнай літургічнай цэлебрацыі на працягу года.
З імі духоўна ядналіся тыя, хто з-за эпідэміі каранавірусу скарыстаўся з дадзенай біскупам дыспенсы і застаўся дома, далучыўшыся да цэлебрацыі з дапамогай тэлетрансляцыі, якая вялася на канале «Беларусь 1», спадарожнікавым канале «Беларусь 24», а таксама на канале Садружнасці Незалежных Дзяржаў «Мір».
Слова арцыпастыра на сёлетняй Пасхальнай вігіліі было запрашэннем увайсці з Уваскрослым Хрыстом у новы час.
«У Вялікую пятніцу мы разважалі над цярпеннямі Хрыста і Яго смерцю. Для вучняў Езуса гэта быў час выпрабавання веры, бо іх Настаўнік, які лячыў хворых, суцішаў буру на моры і ўваскрасіў Лазара, сам памёр.
Калі меркаваць па-чалавечы, падобнага не павінна было адбыцца, але адбылося. Здавалася, што ўсё скончылася, што зло перамагло дабро. Аднак гэта не так», — сказаў напачатку арцыбіскуп Кандрусевіч. Ён дадаў, што сённяшняя складаная сітуацыя ў свеце многіх людзей напаўняе адчаем, як некалькіх апосталаў у момант смерці Хрыста.
«Ахоплены пандэміяй каранавірусу свет знаходзіцца ў вельмі цяжкім становішчы. Самадастатковы чалавек, які адкінуў Бога і спадзяваўся толькі на свае сілы, нечакана зразумеў, што ён — не „бог“, а толькі Яго слабое і ўразлівае стварэнне», — зазначыў іерарх. З гэтага ён зрабіў выснову, што цяпер людзям варта задумацца над сваім жыццём і кардынальна яго змяніць, каб вярнуць сабе страчаную сувязь з Богам.
«Эпідэмія перавярнула свет з ног на галаву і агаліла яго сутнасныя праблемы, у тым ліку і маральныя. Складанасць сітуацыі, у якую нечакана трапіў свет, паказвае, што яго сучасная бездухоўная мадэль — бесперспектыўная. Неабходная змена арыенціраў. Недастакова давяраць толькі эканамічнаму і навуковаму прагрэсу: неабходна вярнуцца да каранёў нашай веры і будаваць жыццё на духоўным падмурку», — сцвердзіў арцыпастыр.
Ён нагадаў словы Папы Францішка, прамоўленыя ім 27 сакавіка падчас малітвы аб спыненні каранавірусу. Пантыфік тады сказаў, што неабходна выкарыстаць гэты час выпрабаванняў як час выбару паміж тым, што застаецца назаўсёды, і тым, што прамінае; аддзяліць тое, што неабходнае, ад таго, што такім не з’яўляецца.
«Гэта добры час, каб змяніць курс жыцця на Бога і прыняць Яго, бо ў Ім надзея», — казаў тады Святы Айцец.
Працягваючы думку пастыра паўсюднага Касцёла, кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату сказаў: «Уваскрасенне Хрыста змяніла гісторыю свету. Памерлы выходзіць з магілы. Святло Уваскрасення асвятляе ноч, і настае новы дзень у гісторыі чалавецтва. Смерць, якая здавалася канцом усяго, становіцца новым пачаткам».
Параўнаўшы Касцёл з новай Галілеяй, дзе апосталы зноў убачылі свайго Уваскрослага Збаўцу, арцыбіскуп Кандрусевіч заклікаў менавіта ў Касцёле шукаць суцяшэння ў цяжкай сітуацыі. «Там мы знойдзем Езуса ў Божым слове, у сакрамэнце хросту, у якім мы нараджаемся да духоўнага жыцця, у Эўхарыстыі — хлебе вечнага жыцця, у сакрамэнце пакаяння, дзе Ён прабачае грахі і праяўляе сваю міласэрнасць, у іншых сакрамэнтах. Знойдзем у жыцці, згодным з Божым законам, у дапамозе патрабуючым і гэтак далей», — дадаў іерарх.
Таму ён прапанаваў вернікам паразважаць над тым, наколькі іх жыццё з’яўляецца сапраўды хрысціянскім, адказаўшы на шэраг пытанняў: ці мы спяшаемся да нашай Галілеі? ці выпраменьваем святло сакрамэнту хросту? ці радуемся радасцю Велікоднага ранку? ці адчуваюць людзі, якіх мы сустракаем, што Уваскрослы Хрыстус жыве ў нашых сэрцах?
«Адказ на гэтыя і падобныя пытанні з’яўляецца лакмусавай паперкай нашай веры, асабліва падчас эпідэміі каранавірусу. Аналітыкі кажуць, што свету, да якога мы прызвычаіліся, больш не будзе. Распачнецца новы. Але які?
Ці зробім мы адпаведныя высновы, каб у будучыні не паўтарылася трагедыя новай падобнай эпідэміі, у тым ліку і духоўнай?» — задаў рытарычнае пытанне арцыбіскуп. Ён заклікаў вернікаў звярнуць позірк на Уваскрослага Езуса і прасіць Яго міласэрнасці, выконваючы разам з тым рэкамендацыі медыкаў і не паддаючыся паніцы.
Напрыканцы гаміліі арцыпастыр шчыра павіншаваў усіх з вялікім святам і выказаў пажаданне: «Няхай Уваскрослы Езус умацоўвае нас сваёй ласкай у гэты час выпрабавання каранавірусам! Няхай вядзе да крыніцы надзеі, якая знаходзіцца ў Божай міласэрнасці! Няхай дапамагае службам аховы здароўя і грамадскага парадку! Няхай адорыць духам мудрасці кіраўнікоў дзяржавы і ўсіх, хто прымае адказныя рашэнні!»
На заканчэнне Вігіліі са словам віншавання са святам Вялікадня да католікаў ад імя Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла і ўсіх вернікаў Беларускай Праваслаўнай Царквы звярнуўся протаіерэй Аляксандр Шымбалёў.