Пошук

11.04.2020 01:05   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Ірэна Ахрамовіч / Catholic.by

У Вялікую пятніцу 10 красавіка Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у мінскім архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ўзначаліў цэлебрацыю набажэнства на ўшанаванне Мукі Пана.

Зазвычай гэта было адно з самых працяглых набажэнстваў на працягу літургічнага года, паколькі сотні прысутных вернікаў адзін за адным падыходзілі да крыжа, каб пацалункам ушанаваць памерлага на ім Збаўцу свету, дзякуючы Яму за набытае коштам уласнай Крыві адкупленне.

Сёлета ў галоўнай каталіцкай святыні сталіцы з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі не было і сотні вернікаў, а адарацыя крыжа адбывалася не так, як звычайна.

Пацалункам крыж ушанаваў толькі арцыбіскуп Кандрусевіч, а ўсе астатнія ўдзельнікі набажэнства адаравалі крыж, укленчыўшы перад ім у маўчанні і ў глыбокай малітве. У гэты момант да іх духоўна далучыліся тысячы вернікаў па ўсёй краіне, якія ўдзельнічалі ў набажэнстве з дапамогай тэлетрансляцыі на канале «Беларусь 3» і на нашым партале.

Яшчэ адной асаблівасцю сёлетняй Вялікай пятніцы стала дадатковая інтэнцыя ў малітве вернікаў аб спыненні эпідэміі каранавірусу, аб здароўі для хворых і вечным жыцці для тых, чый зямны шлях раптоўна абарвала гэтая хвароба.

Нездарма актуальная і балючая тэма эпідэміі прысутнічала ў малітвах, якія чыталіся падчас адарацыі крыжа, а таксама ў прамоўленым арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам Божым слове.

Напачатку іерарх звярнуў увагу на Крыж — знак бязмежнай любові Бога да чалавека і знак нашага збаўлення.

«Сённяшняе Божае слова прадстаўляе Хрыста як таго, хто гатовы аддаць сваё жыццё за збаўленне свету. Пётр жа, калі быў побач з Езусам, здаваўся героем і нават хацеў бараніць свайго Настаўніка мячом. Але калі Езуса арыштавалі, то згубіўся і здрадзіў Яму. Сёння мы таксама павінны адказаць на пытанне: якімі сведкамі Хрыста з’яўляемся? Ці заўсёды маем адвагу трываць з Ім?» — прапанаваў вернікам пытанні для роздуму арцыпастыр. Ён дадаў, што Вялікая пятніца з’яўляецца запрашэннем да разважання над цярпеннямі Езуса, у якіх праявілася бязмежная любоў Бога да чалавека, і над нашым адказам на яе.

«Вялікая пятніца таксама запрашае да адкрыцця нанава нашай хрысціянскай тоеснасці; дарогі, па якой мы павінны ісці. У нашым жыцці мы павінны імкнуцца за Хрыстом, нават калі наш жыццёвы шлях з’яўляецца шляхам цярпення. Няма шляху да ўваскрашэння і да новага жыцця без Вялікай пятніцы, калі ў нас павінен памерці стары грэшны чалавек, каб нарадзіўся новы.

Нездарма Езус кажа, што калі хтосьці хоча ісці за Ім, то павінен узяць свой крыж і яго несці. Кароткай дарогі няма», — сцвердзіў кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату.

Ён падкрэсліў, што цярплівасць і трываласць у выпрабаваннях асабліва патрэбныя сёння, ва ўмовах пандэміі. «Усім нам няпроста. Касцёл разумее складанасць сітуацыі і заклікае без панікі прыняць гэты новы выклік. Наш давер Богу не павінен выключаць разважлівага карыстання рэкамендацыямі санітарных службаў і здаровага розуму», — зазначыў арцыпастыр, назваўшы грахом супраць запаведзі «Не забівай», калі хтосьці з сімптомамі хваробы ідзе ў касцёл, не зважаючы на небяспеку заразіць іншых людзей.

Іерарх заўважыў, што разам з выкліканымі эпідэміяй праблемамі «ў той жа час неабходна прызнаць, што яна з’яўляецца новым імпульсам да разважання над жыццём сучаснага чалавека, у тым ліку і духоўным, якое патрабуе рашучай і якаснай змены, бо кожны наш грэх — гэта яшчэ адзін цвік у святое Цела Езуса».

«Мы добра ведаем, што, як пасля заходу сонца наступае яго ўзыход, таксама і пасля цемры Вялікай пятніцы наступае святло Велікоднай раніцы.

Нягледзячы на ўсе складанасці, Пасха — гэтае свята вялікага „так“ Бога для жыцця — набліжаецца.

Няхай надзея, якая знаходзіцца ў Крыжы Хрыста, нават у складаных умовах сучаснасці вядзе нас у новае, напоўненае трыумфам цывілізацыі жыцця заўтра», — завяршыў сваю гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Набажэнства завяршылася святой Камуніяй і традыцыйным перанясеннем Эўхарыстычнага Цела Хрыста ў сімвалічную грабніцу, перад якой вернікі засталіся маліцца Навэнну да Божай Міласэрнасці, што распачалася ў Вялікую пятніцу.

Абноўлена 18.05.2020 13:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.