Пошук

12.04.2020 10:52   Тэкст: Анастасія Грышан / Фота: Ірэна Ахрамовіч / Catholic.by

Раніцай 12 красавіка, ва ўрачыстасць Змёртвыхпаўстання Пана, у мінскай архікатэдральнай парафіі Найсвяцейшага Імя Марыі адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Звяртаючыся да прысутных, іерарх сказаў у гаміліі, што, нягледзячы на складаныя ўмовы, выкліканыя пандэміяй каранавірусу, «хрысціянскі свет сёння адзначае гэтае свята, значэння якога не могуць адабраць ніякія перашкоды».

Арцыбіскуп звярнуў увагу на тое, што Уваскрасенне Пана з’яўляецца самым вялікім і галоўным хрысціянскім святам па трох прычынах.

Па-першае, Пасха — падмурак нашай веры. Па-другое, Уваскрасенне Хрыста — гарантыя нашага ўваскрашэння. Па-трэцяе, Яго Уваскрасенне дае надзею і падбадзёрвае ў нашых жыццёвых цяжкасцях, бо ўмацоўвае сваёй ласкай.

«Таму Пасха заклікае нас быць людзьмі ўваскрашэння. Гэта азначае, што мы не павінны заставацца пахаванымі ў магіле нашых грахоў, нядобрых звычак, небяспечных залежнасцяў, роспачы, сумневу, але ва ўсіх абставінах жыць прысутнасцю Уваскрослага Езуса і прамянець праўдай, што смерць — гэта не канец нашага жыцця, а пачатак новага, якое ніколі не завершыцца», — дадаў пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Іерарх падкрэсліў, што Езус Хрыстус сваім уваскрасеннем «адмяніў закон прыроды і пацвердзіў, што з’яўляецца сапраўдным Богам».

«Гэтая праўда як ніколі актуальная сёння, калі з-за пандэміі каранавірусу мы перажываем нашу Вялікую пятніцу, — адзначыў арцыбіскуп. — Дзе і ў кім мы павінны сёння шукаць паратунку? Як веруючыя, мы павінны шукаць яго ў Бога. Але адначасова мы павінны памятаць, што не можам спакушаць Яго, маўляў, Ён мяне абароніць без мяне».

«Святы Аўгустын кажа: “Божа, ты стварыў мяне без мяне, але збавіць без мяне не можаш”. Тое самае мы павінны сказаць і сёння”, — дадаў арцыпастыр. Па яго словах, просячы дапамогі Бога, трэба ў той жа час кіравацца рацыянальным розумам, парадамі медыкаў, вірусолагаў, службаў парадку і ўсіх, хто працуе дзеля выбаўлення свету ад гэтай заразнай хваробы.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі заўважыў, што пандэмія таксама «адкрыла духоўныя праблемы сучаснага чалавека, які не хацеў іх бачыць, ставіў сябе на месца Бога і думаў, што яму падданы ўвесь свет і што можна жыць без захавання Божага закону».

 

«Раней ці пазней пандэмія завершыцца, але мы павінны вынесці з яе горкага ўроку адпаведныя высновы адносна нашага маральнага жыцця.

Бо толькі тады праўда Уваскрасення дакранецца да нас і ўваскрэснем да новага жыцця», — дадаў іерарх.

Арцыбіскуп заахвоціў вернікаў: «Прымем глыбока ў сэрца праўду Пасхі, якая дазваляе нам у абставінах эпідэміі сказаць: “Мы бачым Уваскрослага. У Ім наша надзея!”»

Абноўлена 18.05.2020 13:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.