Пошук

09.04.2020 17:23   Паводле: кс. Юрый Марціновіч / Grodnensis.by / Фота: Фота: Grodnensis.by

Фота: Grodnensis.by
Фота: Grodnensis.by

9 красавіка, у Вялікі чацвер, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксавэрыя ў Гродне адбылася Імша Хрызма. Згодна са старажытнай традыцыяй, гэтая Імша цэлебруецца толькі ў катэдры, яе цэлебрацыю ўзначальвае біскуп і ў ёй удзельнічаюць усе святары, якія служаць у мясцовым Касцёле.

Як паведамляе Grodnensis.by, на Імшы ў сувязі з пандэміяй каранавірусу сабраліся ў гэтым годзе толькі ксяндзы дэканы і тыя святары, якія захацелі прыняць у ёй удзел, каб супольна дзякаваць Езусу Хрысту за вялікі і цудоўны дар святарства, які Ён даў свайму Касцёлу.

Прысутнічалі таксама сёстры законныя, семінарысты і вернікі. Натоўпаў людзей, як гэта бывае звычайна, сёлета не было. Вернікі духоўным чынам ядналіся з прэзбітэрыем Касцёла на Гродзеншчыне, дзякуючы Богу за сваіх душпастыраў, з чыёй дапамогай могуць карыстацца з сакрамэнтальнага жыцця Касцёла і ўзрастаць духоўна.

Цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, удзельнічаў таксама дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

У гаміліі біскуп Кашкевіч нагадаў, што святары моцай сакрамэнту пасвячэння асаблівым чынам удзельнічаюць у адзіным і вечным святарстве Езуса Хрыста.

Іерарх падкрэсліў, што кожны святар быў абраны, пакліканы і пасланы, каб быць распарадчыкам, ці інструментам, бясконцай Хрыстовай любові і бязмежнай міласэрнасці.

«Мы рэалізуем гэтае заданне, калі абвяшчаем народу Божае слова, здзяйсняем Эўхарыстычную Ахвяру, удзяляем вернікам святыя сакрамэнты, вучым дзяцей і моладзь праўдам хрысціянскай веры, атачаем асаблівай апекай і клопатам тых, хто найбольш патрабуе нашай дапамогі: хворых, церпячых, убогіх духоўна і матэрыяльна, зняволеных злом, згубленых у жыцці», — дадаў біскуп.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што «святарскім словам і ўчынкам, а найперш моцай Божай ласкі мы павінны лячыць зламаныя чалавечыя сэрцы, абуджаць у іх нястомна веру і надзею, указваць людзям аблічча Бога як любячага Айца, багатага на міласэрнасць і прабачэнне».

Іерарх адзначыў, што сённяшні свет мае патрэбу ў святарах — і святарах сапраўды святых, паводле Божага Сэрца.

Таму ён заклікаў духавенства, якое служыць у Касцёле на Гродзеншчыне, абудзіць у сабе нанова прагненне святарскай святасці і нястомна вяртацца да Вячэрніка, бо там пачатак і крыніца паклікання.

«Цэлебруючы ў гэты выключны дзень Эўхарыстычную Ахвяру, папросім Хрыста Пана, каб нястомна нас аднаўляў, асвячаў і ўдасканальваў сваёй ласкай. Няхай яна ўчыніць, каб мы яшчэ лепш, яшчэ больш верна рэалізоўвалі гэтае пакліканне, якім Пан Бог пажадаў нас адарыць без аніякіх нашых заслуг», — дадаў біскуп.

Іерарх заахвоціў сваіх сабратоў у святарстве і ўсіх вернікаў выказваць удзячнасць Пану за святароў руплівых і святых, паводле Божага Сэрца, якія бязмежна палюбілі сваё святарства і таму з’яўляюцца для іншых узорам для наследвання.

Біскуп заклікаў таксама маліцца за тых святароў, якія перажываюць розныя цяжкасці і крызісы, каб Божая ласка і братэрская падтрымка дапамаглі ім нанaва адкрыць «дар і таямніцу» ўласнага паклікання.

Фота: Grodnensis.by
Фота: Grodnensis.by

Іерарх узгадаў і пра святароў, якіх у гэтым годзе Пан Бог — заўчасна, мяркуючы па-чалавечы, — забраў да сябе: ксяндза каноніка Алега Дуля, дэкана Ваўкавыскага, і ксяндза Паўла Барысевіча, пробашча з Наваельні.

На заканчэнне гаміліі біскуп звярнуўся да вернікаў з традыцыйнай просьбай маліцца за іерархаў і святароў.

«Няхай дзякуючы вашым малітвам Дух Святы працягвае нанова распальваць у нашых сэрцах Божую любоў, жаданне асабістай святасці, руплівасць і ахвярнасць у спаўненні душпастырскіх абавязкаў, каб мы маглі як мага лепш служыць тым, да каго Хрыстус нас пасылае», — сказаў ён.

Падчас Імшы духавенства аднавіла святарскія абяцанні, просячы ў Бога трываласці нa далейшыя гады служэння і моцы духу ў рэалізацыі заданняў, якія ставіць Хрыстус. Святары выказалі жаданне да больш цеснага з’яднання з Хрыстом і жаданне знайсці першасную руплівасць сваіх душпастырскіх сэрцаў.

Адбылося таксама асвячэнне алеяў, неабходных для ўдзялення сакрамэнтаў.

У гэты выключны для кожнага святара дзень біскуп падзякаваў усім душпастырам Гродзенскай дыяцэзіі за іх служэнне, абвяшчэнне Божага слова і ўдзяленне святых сакрамэнтаў, катэхізацыю дзяцей і моладзі, клопат аб пажылых, хворых і церпячых людзях, будаўніцтва і рамонт касцёлаў і найперш за сведчанне святарскага жыцця.

Абноўлена 10.04.2020 01:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця