Пошук

09.04.2020 13:57   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

У Вялікі чацвер 9 красавіка Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў у мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі цэлебрацыю святой Імшы Хрызма, удзел у якой узялі біскуп Юрый Касабуцкі, тры дзясяткі святароў і два дыяканы.

Зазвычай у гэтай урачыстай цэлебрацыі на ўспамін устанаўлення сакрамэнту святарства, якая адбываецца толькі ў катэдральных касцёлах, удзельнічаюць усе святары мясцовага Касцёла на чале са сваім пастырам. Аднак ва ўмовах пандэміі каранавірусу арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч запрасіў узяць удзел у Імшы з асвячэннем алеяў толькі ксяндзоў дэканаў і тых святароў, якія самі пажадаюць далучыцца.

Між тым у галоўнай святыні архідыяцэзіі сабраліся тры дзясяткі прэзбітэраў з розных мясцін Міншчыны, каб разам са сваім біскупам аднавіць свае святарскія абяцанні і супольнаю малітваю выявіць адзінства мясцовага прэзбітэрыя.

Некалькі соцень карыстальнікаў далучыліся да цэлебрацыі з дапамогаю трансляцыі на нашым партале.

На Імшы Хрызма ў Пастырскі год, прысвечаны ў Касцёле на Беларусі святому Яну Паўлу ІІ, арцыбіскуп Кандрусевіч у прамоўленым Божым слове засяродзіўся на вучэнні Вялікага Папы пра святарства. Арцыпастыр нагадаў, што вучэнне Пантыфіка пра святарства ўвасоблена ў яго пасланнях святарам на Вялікі чацвер, разважаннях у цыкле катэхез падчас агульных аўдыецый па серадах, Апостальскай адгартацыі Pastores dabo vobis («Пастыраў дам вам»), а таксама яго асабістым сведчанні ў кнігах: «Дар і таямніца» і «Устаньце, хадзем!»

«У іх Папа Вайтыла разважае пра святарства з хрысталагічнага пункту гледжання. Паводле яго, святарства ўяўляе сабой асабістую годнасць і місію Езуса Хрыста, якая выводзіцца з таямніцы Богаўцелаўлення. Яно з’яўляецца аб’яўленнем бескарыслівай і бязмежнай Божай міласэрнасці», — падкрэсліў іерарх.

Ён дадаў, што сённяшні наступнік апостала Пятра Папа Францішак у паслясінадальнай Апостальскай адгартацыі Querida Amazonia («Умілаваная Амазонія») працягвае думку свайго вялікага папярэдніка Яна Паўла ІІ. Святы Айцец вучыць, што сакрамэнт пасвячэння прыпадабняе прэзбітэра да Хрыста Святара. Дзякуючы гэтаму толькі ён, а не хтосьці іншы, можа цэлебраваць Эўхарыстыю. Гэта выключная функцыя святара, і ён не можа яе дэлегаваць нікому.

Сваім сабратам у святарстве арцыбіскуп нагадаў, што глыбокія, асабістыя і пастаянныя адносіны з Хрыстом з’яўляюцца адзіным шляхам, на якім святар распазнае сваю асобу і місію, якую ён павінен выконваць у супольнасці Касцёла.

«Гэтаму павінна спрыяць укараненне святара ў малітве, прыкладам чаго быў сам Папа Ян Павел ІІ. <…> Таму святар павінен быць чалавекам малітвы, узорам якой з’яўляецца Марыя», — зазначыў кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату.

Ён звярнуў увагу на тое, што пакліканне да святарства з’яўляецца заклікам да асабістай святасці святара, інакш яго заклік да людзей імкнуцца да святасці будзе дарэмным. Таму яго служэнне схіляе да выбару натхнёнага евангельскім радыкалізмам стылю жыцця ў чыстасці, убостве і паслухмянасці. У сувязі з гэтым арцыбіскуп Кандрусевіч яшчэ раз адзначыў каштоўнасць дару цэлібату ў Каталіцкім Касцёле лацінскага абраду.

У сваёй гаміліі іерарх не абмінуў і сённяшнюю складаную сітуацыю, выкліканую пандэміяй каранавірусу. Гэты крызіс, паводле яго, з’яўляецца новым выклікам таксама для святароў.

«У семінарыях нас не вучылі, як паступаць у такіх выпадках. Аднак нашым пастырскім абавязкам з’яўляецца з ахвярнасцю і пастырскай любоўю, а таксама з разважлівасцю служыць усім, асабліва хворым, старэйшым і тым, хто патрабуе нашай дапамогі. Крызіс даў нам шмат прыкладаў таго, як духоўныя і кансэкраваныя асобы рызыкуюць сваім жыццём, каб толькі дапамагчы патрабуючым», — сказаў арцыбіскуп.

Ён заахвоціў святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі чэрпаць з крыніцы вучэння пра святарства святога Яна Паўла ІІ і ўзбагачаць яго вучэннем Бэнэдыкта XVI і Францішка, каб быць святарамі паводле Сэрца Езуса — Сэрца, якое ахвярнаю любоўю да канца палюбіла ўсіх.

«Сардэчна дзякую святарам, якія дастасаваліся да распараджэнняў Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, выдадзеных ва ўмовах эпідэміі каранавірусу, і тлумачылі вернікам, як больш бяспечна паводзіць сябе падчас набажэнстваў і выкарыстоўваць для малітвы медыярэсурсы.

Асабліва дзякую за тое, што, нягледзячы на новыя выклікі і складанасці, вы ахвярна выконвалі пастырскае служэнне падчас Вялікага посту: спавядалі, наведвалі хворых, праводзілі рэкалекцыі і набажэнствы. Сваім служэннем вы неслі людзям надзею», — сказаў напрыканцы гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, пасля чаго даручыў сваіх сабратоў апецы святога Яна Паўла II і Марыі, Маці святароў, удзяліўшы ім благаслаўленне.

На заканчэнне святой Імшы кансэкраваныя асобы, якія бралі ў ёй удзел, ад імя ўсіх вернікаў павіншавалі святароў і пажадалі ім моцна трымацца Хрыста, які паклікаў іх да асаблівага служэння ў сваім Касцёле.

Абноўлена 09.04.2020 14:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.