Пошук

06.04.2020 13:42   Тэкст: Марыя Багдановіч / Фота: Дар’я Семянько / Catholic.by

Імшу Пальмовай нядзелі, якая адбылася 5 красавіка, у магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ўпершыню распачалі абрадам адкрыцця дзвярэй касцёла. Узначаліў цэлебрацыю літургіі Біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Літургічная служба разам з іерархам падышла да галоўных дзвярэй катэдры, якія былі зачыненыя. Перад тым, як адчыніць іх, адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця дзвярэй, праз якую Касцёл дае зразумець, што Кароль славы ўваходзіць у святыню. Гэтым Каралём славы з’яўляецца сам Езус Хрыстус, які стаіць каля дзвярэй і стукае. На знак гэтага біскуп пастукаў пастаралам у дзверы катэдры.

Пасля дыялогу біскупа, які стаіць перад зачыненымі дзвярыма, і кантарам унутры святыні дзверы адчыняюцца, як знак таго, што Хрыстус праз ахвяру свайго жыцця адкрыў перад чалавекам брамы да неба.

Звяртаючыся да вернікаў, якія ў гэтым годзе ўдзельнічалі ў літургіі не ў катэдры, а звонку, па прычыне распаўсюджвання эпідэміі каранавірусу, іерарх адзначыў: «Пальмовая нядзеля, або нядзеля Мукі Пана, распачынае самы важны і ўрачысты перыяд у літургічным годзе — Вялікі тыдзень. Менавіта нядзеля Мукі Пана ўводзіць нас у настрой пасхальных святаў і праз засяроджанасць, суцішэнне, пакаянне і паяднанне з Богам рыхтуе нас да іх. У Пальмовую нядзелю нас суправаджаюць радасць і ўдзячнасць, што прыйшоў Месія, а разам з Ім надыходзіць вызваленне, прыходзіць Адкупленне».

«У той жа час мы разумеем, што ў пакутах Езуса на крыжы па прычыне грахоў, на жаль, ёсць і наш удзел, — дадаў біскуп. — Людзі часта бунтуюць, калі ім кажаш: “Твае грахі забілі Езуса на крыжы”. Смерць Езуса на крыжы — гэта дар для нас. Ён прыносіць ласку Божую, неабходную для збаўлення, бо ніхто не можа ўвайсці ў рай сваімі заслугамі».

Біскуп заўважыў, што літургія Пальмовай нядзелі нясе яшчэ адно важнае паведамленне — папярэджанне перад здрадай.

«Як паказалі падзеі Вялікага тыдня, на працягу некалькіх дзён можна перайсці ад любові да нянавісці, ад вернасці да здрады.

Таму сёння, перажываючы няпростыя часы ў выніку пагрозы эпідэміі каранавірусу, трэба спытаць саміх сябе, у якія моманты жыцця гэтая напружанасць паміж вернасцю Богу і адкідваннем Яго з’яўляецца максімальна магчымай.

На пачатку Вялікага тыдня кожны з нас павінен выявіць гэтую самую слабую сувязь, якая злучае нас з Богам. Сэнс у тым, каб мы сваім жыццём заўсёды паўтаралі Богу “вітай, наш Валадар”, а не “ўкрыжуй Яго”», — патлумачыў іерарх.

На завяршэнне Эўхарыстыі ўсе ўдзельнікі ўсталі на калені і праспявалі суплікацыю «Святы Божа, Святы Моцны, Святы Несмяротны», просячы захаваць нашу краіну ад эпідэміі і спыніць яе ва ўсім свеце.

 

Абноўлена 06.04.2020 13:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.