Пошук

06.04.2020 11:56   Фота: Ірэна Ахрамовіч / Catholic.by

У Пальмовую нядзелю 5 красавіка Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі.

На пачатку набажэнства адбылося благаслаўленне вербаў, а пасля яго — традыцыйная працэсія на ўспамін уваходу Езуса Хрыста ў Ерузалем. У гэтым годзе ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй працэсія адбылася ў сталічнай катэдры без восліка, якога ўсе палюбілі, асабліва дзеці.

У прамоўленай падчас Імшы гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў, што Божае слова нядзелі Мукі Пана вядзе нас да ўрачыстага ўваходу Езуса ў Ерузалем, калі натоўпы сустракалі Яго з пальмовымі галінкамі ў руках, што азначае знак перамогі, і воклічам «Гасанна Сыну Давіда». Яны хацелі бачыць у Ім палітычнага Месію, які збавіць свой народ з рымскага рабства.

«Езус жа быў духоўным Месіяй, заданне — збавіць не адзін народ, а ўсё чалавецтва з грахоўнага рабства. Менавіта таму тыя ж самыя людзі праз пяць дзён патрабавалі ўкрыжаваць Хрыста», — зазначыў арцыбіскуп.

Іерарх прапанаваў удзельнікам набажэнства паразважаць над сваімі адносінымі да Збаўцы.

«А як мы сябе паводзім? Ці заўсёды праслаўляем Езуса, ці, у залежнасці ад сітуацыі, можам Яго праслаўляць, а можам і ганьбіць? Ці мы сапраўдныя хрысціяне, ці „хамелеоны“?» — задаў арцыпастыр пытанні для роздуму. Пры гэтым ён зазначыў, што выклік каранавірусу стаў новым заклікам засяродзіцца на духоўным жыцці.

«Мы хочам быць багамі, але эпідэмія паказала, што такімі не з’яўляемся», — падкрэсліў арцыбіскуп.

Ён узгадаў словы адной афраамерыканскай рэлігійнай песні. «Дзе ты быў, калі Езус уваходзіў у Ерузалем? Дзе ты быў, калі Яго крыжавалі? — Адказ: там і там».

«А мы дзе знаходзімся? На якім баку „барыкады“ паміж дабром і злом, паміж ласкай і грахом?» — запытаўся іерарх.

Сваю гамілію ён завяршыў пажаданнем: «Няхай сённяшняе набажэнства і эпідэмія каранавірусу дапамогуць нам даць станоўчы адказ, ад якога залежыць наша будучыня».

 

Абноўлена 18.05.2020 13:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця