Пошук

03.04.2020 10:21   Catholic.by

Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры.

Завяршаецца Вялікі пост — час ласкі і навяртання, які ў гэтым годзе пазначаны выклікам эпідэміі каранавірусу. Ад усяго сэрца дзякую за вашу адказнасць і разуменне гэтага часу вялікіх абмежаванняў. Дзякую святарам і кансэкраваным асобам за іх ахвярнае служэнне вернікам.

Сёлета Пальмовую нядзелю і Пасхальны трыдуум мы будзем перажываць, беручы пад увагу Дэкрэты Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў ад 19 і 25 сакавіка 2020 г., а таксама Дэкрэт Кангрэгацыі Усходніх Касцёлаў ад 27 сакавіка 2020 г.

У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй у Рэспубліцы Беларусь, дбаючы пра духоўнае і фізічнае здароўе вернікаў і беручы пад увагу вышэйназваныя Дэкрэты, а таксама адсутнасць абмежаванняў адносна супольнага прабывання людзей і іх перамяшчэння, загадваю наступнае:

  1. Набажэнства Пальмовай нядзелі ўрачыстага ўваходу Езуса ў Ерузалем правесці, выкарыстоўваючы другую ці трэцюю форму з Рымскага Імшалу без урачыстай працэсіі.
  2. Імша Хрызма ў Вялікі чацвер 9 красавіка 2020 г. а 10-й гадз. адбудзецца як звычайна ў гродзенскай катэдры пры ўдзеле дэканаў і святароў, якія пажадаюць далучыцца да цэлебрацыі (пасля заканчэння св. Імшы Хрызма сустрэчы святароў не будзе).
  3. Імша Апошняй Вячэры цэлебруецца паводле звычайнага парадку, абрад абмыцця ног прапускаецца.
  4. Набажэнства Вялікай пятніцы адбываецца як звычайна з наступнымі зменамі:
  • У малітве вернікаў дадаецца яшчэ адзін заклік аб спыненні пандэміі, які абвяшчаецца пасля 9-а закліку (у Дадатку).
  • Акт адарацыі Крыжа пацалункам здзяйсняе толькі цэлебрант. Іншыя ўдзельнікі набажэнства ўшаноўваюць Крыж супольна ўкленчваннем або глыбокім паклонам. Таксама пасля набажэнства не адбудзецца індывідуальнае ўшанаванне крыжа. Крыж павінен быць змешчаны на бачным месцы для супольнай адарацыі.
  1. Благаслаўленне велікодных страваў адбываецца як звычайна. Вернікі могуць прынесці з сабой ваду для асвячэння ў сваім начынні. Не будзе загадзя падрыхтаванай вады ў агульным начынні.
  2. Пасхальная вігілія цэлебруецца паводле звычайнага парадку.
    Зважаючы на канкрэтную сітуацыю і паводле разважлівага меркавання пробашча, можна прапусціць благаслаўленне агню і працэсію з пасхалам. У такім выпадку набажэнства распачынаецца ад запальвання і благаслаўлення пасхала пры алтары і абвяшчэння Пасхі Exsultet (скарочаная версія). Літургія хросту можа быць абмежавана да аднаўлення абяцанняў хросту.
  3. Рэзурэкцыйная працэсія адбываецца паводле мясцовага звычаю (пасля св. Імшы Пасхальнай вігіліі, дзе існуе такая практыка, або перад ранішняй св. Імшой у нядзелю Уваскрасення Пана).
    Паводле разважлівага меркавання пробашча, працэсія можа быць адменена. Там, дзе існуе звычай, перад св. Імшой у нядзелю Уваскрасення Пана можа адбыцца начная эўхарыстычная адарацыя.
  4. Падчас цэлебрацыі набажэнстваў трэба захаваць разважлівасць і сувымернасць, пазбягаючы празмернага працягвання літургіі.
  5. Ахвяраванні вернікаў на Святую Зямлю ў гэтым годзе з Вялікай пятніцы пераносяцца на XXIV звычайную нядзелю 13 верасня.
  6. У гэтае распараджэнне могуць быць унесены змены, калі таго будзе патрабаваць сітуацыя.

Святарам, кансэкраваным асобам і вернікам жадаю Божага благаслаўлення і вытрымкі ў гэты час асаблівага выпрабавання, каб, нягледзячы на эпідэмію каранавірусу, мы маглі годна падрыхтавацца і цэлебраваць як Пальмовую нядзелю, так і Пасхальны трыдуум.

Удзячныя лекарам і службам грамадскага парадку за іх ахвярнае служэнне ў прадухіленні і лячэнніі каранавірусу, звернем у гэты складаны час наш позірк да Бога і даверымся Яму, бо ў Ім — наша надзея.

З благаслаўленнем і пажаданнямі моцнага здароўя

Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі

Дадатак

Гродна, 2 красавіка 2020 г.

P.S. Святары павінны прачытаць гэтае распараджэнне вернікам 5 красавіка ў Пальмовую нядзелю. Гэтае распараджэнне можа быць прачытанае не цалкам, але толькі ўступ, пункты 3, 4, 5, 9, 10 і заканчэнне.

Абноўлена 03.04.2020 15:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця