Пошук

01.04.2020 13:53   Сatholicnews.by

Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры ў Хрысце!

Завяршаецца час Вялікага посту, які рыхтаваў нас да Велікодных святаў і які ў гэтым годзе пазначаны выклікам эпідэміі каранавірусу. Ад усяго сэрца дзякую за вашу адказнасць і зразуменне ўведзеных патрабаванняў у сувязі з узніклай сітуацыяй. Дзякую ўсім святарам і кансэкраваным асобам за іх ахвярнае служэнне вернікам.

Сёлета Пальмовую нядзелю і Пасхальны Трыдуум мы будзем перажываць, беручы пад увагу Дэкрэты Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў ад 19 і 25 сакавіка 2020 г., а таксама Дэкрэт Кангрэгацыі Усходніх Касцёлаў ад 27 сакавіка 2020 г.

У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй у Рэспубліцы Беларусь, дбаючы пра духоўнае і фізічнае здароўе вернікаў і беручы пад увагу вышэйназваныя Дэкрэты, а таксама адсутнасць абмежаванняў адносна супольнага прабывання людзей і іх перамяшчэння, загадваю наступнае:

  1. Набажэнства Пальмовай нядзелі ўрачыстага ўваходу Езуса ў Ерузалем правесці згодна са звычайным парадкам з працэсіяй, выкарыстоўваючы першую форму з Рымскага Імшалу, або, зважаючы на існуючыя ўмовы, паводле разважлівага меркавання пробашча без працэсіі, выкарыстоўваючы другую ці трэцюю форму.
    Калі дазваляюць умовы і надвор’е, то ўсё набажэнства або толькі працэсію з вербамі можна арганізаваць на прылеглай да касцёла тэрыторыі.
  2. Св. Імшу Хрызма правесці ў Вялікую сераду, 8 красавіка 2020 г., у глыбоцкім парафіяльным касцёле Найсвяцейшай Тройцы пры ўдзеле дэканаў і святароў, якія пажадаюць далучыцца да цэлебрацыі. У выпадку, калі гэтага будзе патрабаваць сітуацыя, св. Імша Хрызма адбудзецца ў віцебскім катэдральным касцёле пры ўдзеле святароў, якія пажадаюць далучыцца да цэлебрацыі.
  3. Св. Імша Вячэры Пана цэлебруецца паводле звычайнага парадку з выключэннем абраду абмыцця ног, які прапускаецца. Беручы пад увагу канкрэтныя ўмовы і паводле разважлівага меркавання пробашча, можна не рабіць працэсію да сімвалічнай цямніцы, а Найсвяцейшы Сакрамэнт пакінуць у табэрнакулюме.
  4. Набажэнства Вялікай пятніцы адбываецца як звычайна з наступнымі зменамі:
  • У малітве вернікаў дадаецца яшчэ адзін заклік (10-ы перадапошні) у інтэнцыі існуючай сітуацыі з эпідэміяй. Тэкст закліку ў Дадатку.
  • Акт адарацыі Крыжа пацалункам здзяйсняе цэлебрант. Іншыя ўдзельнікі набажэнства ўшаноўваюць Крыж укленчваннем або глыбокім паклонам. Пры жаданні могуць ушанаваць таксама і праз цалаванне.
  1. Благаслаўленне велікодных страваў адбываецца як звычайна. Калі адпавядаюць умовы і надвор’е, то можна здзейсніць гэта звонку пры касцёле.
  2. Пасхальная вігілія цэлебруецца паводле звычайнага парадку. Зважаючы на канкрэтную сітуацыю і паводле разважлівага меркавання пробашча, можна прапусціць благаслаўленне агню і працэсію з пасхалам. У такім выпадку набажэнства распачынаецца з запальвання і благаслаўлення пасхала пры алтары і абвяшчэння Пасхі Exsultet. Літургія хросту можа быць абмежавана да аднаўлення абяцанняў хросту.
    Вернікаў прашу прынесці з сабой ваду для асвячэння ў сваім начынні.
  3. Рэзурэкцыйная працэсія адбываецца паводле мясцовага звычаю (пасля св. Імшы Пасхальнай вігіліі, дзе існуе такая практыка, або перад ранішняй св. Імшой у нядзелю Уваскрасення Пана). Паводле разважлівага меркавання пробашча працэсія можа быць адменена.
  4. Сакрамэнт пакаяння і паяднання праводзіць з захаваннем раней пададзеных прадпісанняў і санітарных нормаў без перадсвяточнага ажыятажу, ствараючы магчымасць выканаць абавязак Велікоднай споведзі тым, хто не паспеў гэта зрабіць у Вялікім посце, на працягу ўсяго Велікоднага часу.
  5. Ахвяраванні вернікаў на Святую Зямлю ў гэтым годзе з Вялікай пятніцы пераносяцца на 13 верасня.
  6. У гэтае распараджэнне могуць быць унесены змены, калі таго будзе патрабаваць сітуацыя.

Святарам, кансэкраваным асобам і вернікам жадаю Божага благаслаўлення і вытрымкі ў гэты час асаблівага выпрабавання, каб, нягледзячы на эпідэмію каранавірусу, мы маглі годна падрыхтавацца і цэлебраваць як Пальмовую нядзелю, так і Пасхальны Трыдуум.

Удзячныя лекарам і службам грамадскага парадку за іх ахвярнае служэнне ў прадухіленні і лячэнні каранавірусу, звернем у гэты складаны час наш позірк да Бога і адновім наш давер Яму, бо ў Ім наша надзея і наш паратунак.

З пастырскім благаслаўленнем і пажаданнем моцнага здароўя

+Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі

Віцебск, 31 сакавіка 2020 г.

Дадатак

P.S. Паважаныя святары няхай прачытаюць гэтае Распараджэнне вернікам адразу пасля таго, як атрымаюць яго, а таксама ў Пальмовую нядзелю 5 красавіка 2020 г.

Версія для друку ТУТ>>>

Абноўлена 01.04.2020 14:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа