Пошук

20.03.2020 12:21   Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: pinterest.com

20 сакавіка Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прызнаў немагчымым правядзенне велікапоснага чування моладзі ў сітуацыі пандэміі, але заклікаў да супольнай малітвы анлайн.

У адпаведным распараджэнні іерарх піша:

Дарагая моладзь!

У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй, выкліканай пандэміяй каранавірусу, якая закранула таксама і нашу краіну, удзел у масавых мерапрыемствах мінімалізуецца.

Па традыцыі, перад урачыстасцю Вялікадня ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі было запланавана начное чуванне моладзі на тэму: «Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту!» Яно павінна было адбыцца ў ноч з 28 на 29 сакавіка ў сталічным касцёле святога Сымона і святой Алены.

Беручы пад увагу неспрыяльную эпідэміялагічную сітуацыю і выслухаўшы меркаванне духавенства і моладзі, запланаванае чуванне я адмяняю.

У той жа час, маючы на ўвазе духоўнае значэнне падобных малітоўных сустрэч, якія сталі вельмі папулярнымі, распараджаюся правесці чуванне ў іншым фармаце.

Яно замяняецца адмысловым набажэнствам, якое пройдзе ў суботу 28 сакавіка ў касцёле святога Сымона і святой Алены і будзе транслявацца ў інтэрнэце на «Радыё Марыя».

Дзякуючы выкарыстанню сучасных тэхналогій камунікацыі будзе магчымасць духоўнага ўдзелу ў малітве большай колькасці моладзі, што, нягледзячы на выкліканыя каранавірусам складанасці, будзе спрыяць будаванню супольнасці каталіцкай моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і ўсёй краіны.

Праграма супольнай малітвы:

  • 19.00 — св. Імша, цэлебрацыю якой я ўзначалю і звярнуся да прысутных і слухачоў «Радыё Марыя» з адмысловым пастырскім словам;
  • пасля Імшы — адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту;
  • 20.30 — малітва святога Ружанцу і благаслаўленне.

Набажэнства будзе прысвечана малітве за моладзь і аб выбаўленні нашага народа ад пажару, голаду, вайны і віруснай заразы, згодна са старажытнай малітвай Касцёла.

Моладзь і іншых вернікаў, якія будуць мець жаданне, заахвочваю далучыцца да гэтай малітвы ў самім касцёле святога Сымона і святой Алены або ў гэты час маліцца ў месцы свайго прабывання, напрыклад, у сваіх дамах ці парафіях.

Пасля заканчэння набажэнства Чырвоны касцёл на плошчы Незалежнасці ў Мінску будзе зачынены да раніцы наступнага дня.

Дарагая моладзь, я добра ведаю, што многія з вас прыклалі шмат намаганняў для падрыхтоўкі чування, якое, на жаль, не можа адбыцца ў такім фармаце, як мы планавалі. Жадаю шчыра вам за гэта падзякаваць і прашу зразумець прычыны, па якіх яно адмяняецца. Запрашаю кожнага і кожную з вас не быць абыякавымі і разам аб’яднацца ў малітве да Бога, асабліва ў вызначаны вышэй час.

Не бойцеся адчыніць дзверы Хрысту, як да гэтага заклікае святы Ян Павел ІІ. Хрыстус нічога не забірае, а толькі адорвае сваёй ласкай, надзеяй і благаслаўленнем, каб ажыццявіліся мары вашых маладых сэрцаў.

На шлях супольнага малітоўнага чування ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, + і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 20 сакавіка 2020 г.

Абноўлена 20.03.2020 13:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа