Пошук

17.03.2020 17:15   Тэкст: Вольга Качалка / Catholic.by

 

Выйшаў новы нумар часопіса «Наша вера», аўтары якога — мастацтвазнаўцы, гісторыкі, тэолагі, мастакі і пісьменнікі. Нумар можна набыць у кнігарні «Духоўная кніга», а таксама ў парафіяльных кіёсках.

Частка матэрыялаў гэтага нумару прысвечана постаці св. Яна Паўла ІІ. Яны пачынаюцца ўласным вершам Яна Паўла ІІ (Караля Вайтылы) «Калі думаю пра Айчыну» і працягваюцца Пастырскім пасланнем арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча «Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту!», а таксама размоваю Крыстыны Лялько з мастаком Сяргеем Шэметам, які напісаў каля дзясятка партрэтаў Вялікага Папы («Прыцяжэнне святасці»), — адзін з іх змешчаны на вокладцы часопіса.

Да 70-годдзя Беларускай праграмы Ватыканскага радыё друкуюцца нататкі «Шляхам дзіваў і ўражанняў» (1934 г.) кс. Пятра Татарыновіча, які быў заснавальнікам гэтай праграмы.

130-годдзю з дня нараджэння паэта і святара Казіміра Сваяка (Канстанціна Стэповіча) прысвечана публікацыя літаратуразнаўцы Ірыны Багдановіч «Біблія як крыніца паэтычнага натхнення Казіміра Сваяка».

Пра 4-ю запаведзь у навучанні Сіраха (3, 1–16) піша доктар тэалогіі Марына Пашук у матэрыяле пад назваю «Стаўленне да бацькі і маці».

Кандыдат псіхалагічных навук Яўген Маліноўскі прапануе ўвазе чытачоў свае разважанні над псіхалагічным ракурсам веры ў артыкуле «Патэрналісцкая падаплёка псіхалогіі веры».

У перакладзе з польскай мовы Юліі Шэдзько друкуецца інтэрв’ю М. Мюллера з гісторыкам Касцёла а. Томашам Галушкам ОР «Сэрца ў попеле» пра выбітную постаць св. Жанны д’Арк.

Журналіст Яраслаў Чапля ў артыкуле пад назваю «Параза» разважае пра драматычны шлях Касцёла падчас пераследу веры савецкімі ўладамі.

У рубрыцы «Пераклады» змешчаны вершы выбітнага польскага паэта Юліяна Тувіма ў перакладзе на беларускую мову С. Сяргея.

Літаратуразнаўца Анатоль Брусевіч у эсэ «Палёт за рамкі традыцыйнага» піша пра новую кнігу вершаў Дануты Бічэль-Загнетавай «Гускі вяртаюцца» (2019), друкуюцца таксама вершы паэткі.

У рубрыцы «Паэзія» друкуюцца вершы Ірыны Багдановіч.

Юлія Шэдзько ў артыкуле «Дасканалы Дзюрэр» піша пра нядаўнюю выставу творчасці знакамітага мастака ў Вене, дзе ёй давялося пабываць.

Эла Дзвінская прысвяціла свой матэрыял «Доктар Скот Кэрал і Музей Бібліі ў Вашынгтоне» асобе доктара Кэрала, які ў верасні 2018 г. быў адным з арганізатараў выставы «Беларусь і Біблія» ў Мінску.

Вядомы рэстаўратар і калекцыянер Ігар Сурмачэўскі ў артыкуле «Лёс прыватных калекцый на Беларусі ў XVI–XX стст.» разважае пра страчаную і захаваную культурна-рэлігійную спадчыну.

70-годдзю выдатнага беларускага мастака Кастуся Качана прысвечана эсэ Лідзіі Камінскай «Пра „Сароку над гумном“ і вечную „Дарогу дамоў“».

Эла Дзвінская ў артыкуле «Дойлід, які прысвяціў свой талент сакральным забудовам» піша пра архітэктара Аляксандра Базевіча і яго святыні.

Набыць часопіс можна:

  • у кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 10.00–19.00, сб.: 11.00–17.00);
  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • альбо звяртайцеся ў рэдакцыю па тэл. +375 17 356 17 50.

Пра мінулыя нумары часопісаў «Наша вера» і «Ave Maria» чытайце ТУТ.

Абноўлена 19.03.2020 11:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.