Пошук

13.03.2020 11:19   Catholic.by

Распараджэнне Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Складаная эпідэміялагічная сітуацыя, якая склалася ў свеце ў сувязі з пандэміяй каранавірусу, заклікае нас да адказнага стаўлення да гэтай праблемы.

Як веруючыя людзі, мы перадусім павінны звяртацца да Бога, без якога нічога не зможам зрабіць (пар. Ян 15, 5) і вера ў Якога аздараўляе (пар. Лк 17, 19). Таму заклікаю ўсіх вернікаў да малітвы ў інтэнцыі прадухілення пандэміі каранавірусу. Выкарыстаем дадзены нам Божым Провідам час, асабліва Вялікі пост, каб праз малітву, устрыманне, дабрачыннасць, споведзь, удзел у Эўхарыстыі, набажэнствах Крыжовага шляху і Песняў жальбы, Ружанец, Вяночак да Божай Міласэрнасці, прапанаваную Папам Францішкам малітву «24 гадзіны для Пана», якая пройдзе 20–21 сакавіка, літаніі, Суплікацыю і іншыя пабожныя практыкі міласэрны Бог захаваў нас ад гэтай бяды.

Акрамя таго, пасля кансультацыі з біскупамі каталіцкіх дыяцэзій на Беларусі, загадваю наступнае.

Беручы пад увагу няспыннае распаўсюджванне небяспечнай хваробы, з вераю ў Божы Провід і з клопатам пра здароўе ўсіх нашых грамадзянаў, у Каталіцкім Касцёле ў Беларусі, які клапоціцца пра духоўнае і фізічнае дабро сваіх вернікаў і ўсяго народа, уводзяцца наступныя прафілактычныя санітарныя захады.

  1. Ушанаванне святога Крыжа, абразоў і рэліквій адбываецца праз укленчванне ці глыбокі паклон без дотыку і цалавання.
  2. Не напаўняць крапільніцы ў касцёлах асвячонай вадой і растлумачыць вернікам пра неабходнасць на пэўны час устрымацца ад іх выкарыстання. Рэкамендуецца мець дома асвячоную ваду і карыстацца ёю.
  3. На ваконцах (кратах) канфесіяналаў павінен быць усталяваны абарончы матэрыял, які неабходна рэгулярна дэзінфіцыяваць і змяняць з захаваннем мераў перасцярогі.
  4. Знак супакою перадаецца схіленнем галавы, без тактыльнага кантакту.
  5. Перад цэлебрацыяй Эўхарыстыі духоўныя асобы і міністранты павінны старанна вымыць рукі і падчас яе няўхільна захоўваць нормы гігіены.

Гэтае Распараджэнне дзейнічае да яго адмены.

Усемагутны Божа, праз заступніцтва апякункі Беларусі Маці Божай Будслаўскай і апекуна ад заразных хваробаў святога Роха выбаў нас ад эпідэміі каранавірусу, адары здароўем хворых і падтрымай сваёй дапамогай супрацоўнікаў службы аховы здароўя, якія імі апякуюцца.

З благаслаўленнем,

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 13 сакавіка 2020 г., 7-я гадавіна абрання Папы Францішка

P.S. Святарам належыць прачытаць гэтае Распараджэнне вернікам у Трэцюю нядзелю Вялікага посту 15 сакавіка 2020 г.

Абноўлена 14.03.2020 12:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця