Пошук

11.03.2020 19:31   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Dariusz Stępień / opoka.org.pl / Catholic.by

11 сакавіка ў будынку Канферэнцыі Епіскапату Польшчы ў Варшаве адбылася прэзентацыя кнігі «З Хрыстом да канца. Мучаніцтва слугаў Божых у Савецкім Саюзе». Па запрашэнні арганізатараў у прэзентацыі ўзяў удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Аўтарам кнігі з’яўляецца вядомы даследчык і гісторык, пастулатар беатыфікацыйнага працэсу расійскіх навамучанікаў пробашч парафіі святога Станіслава ў Санкт-Пецярбургу ксёндз Кшыштаф Пажарскі. Кніга была выдадзена на рускай мове ў Санкт-Пецярбургу ў 2018 годзе. У ёй змешчаны жыццярысы Слугаў Божых, якія сталі мучанікамі за веру ў Савецкім Саюзе. Нядаўна ўбачыла свет выданне кнігі на польскай мове.

Невыпадкова ўзяць удзел у прэзентацыі быў запрошаны і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Вось што іерарх паведаміў Catholic.by:

«У 2003 годзе я, будучы арцыбіскупам у Маскве, распачаў працэс беатыфікацыі расійскіх навамучанікаў атэістычнага савецкага рэжыму. Тады ж пастулатарам працэсу быў прызначаны вядомы гісторык і даследчык гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Расіі ксёндз прэлат Браніслаў Чапліцкі.

Пасля таго, як гэты святар з-за слабога стану здароўя быў вымушаны вярнуцца на радзіму ў Польшчу, у Катавіцы, абавязкі пастулатара па чарзе выконвалі некалькі іншых святароў, пакуль не быў прызначаны ксёндз Кшыштаф Пажарскі. Ён актыўна ўключыўся ў гэты складаны працэс.

Яго кніга „З Хрыстом да канца. Мучаніцтва слугаў Божых у Савецкім Саюзе“ стала плёнам беатыфікацыйнага працэсу расійскіх навамучанікаў: Магілёўскага арцыбіскупа Яна Цепляка і чатырнаццаці іншых ахвяраў атэістычнага рэжыму. Сярод іх святары лацінскага і грэка-каталіцкага абрадаў, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі.

Асабліва варта адзначыць самага першага вядомага мучаніка — пробашча парафіі святой Кацярыны ў Санкт-Пецярбургу ксяндза прэлата Канстанціна Буткевіча, які быў расстраляны ў Велікодную ноч 1923 года».

На прэзентацыі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да ўдзельнікаў з прамовай. Кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату нагадаў прысутным гісторыю распачацця беатыфікацыйнага працэсу.

«Імпульс гэтаму даў святы Папа Ян Павел ІІ, які заклікаў да ўшанавання памяці мучанікаў. Вялікае значэнне меў таксама першы Сінод біскупаў Еўропы 1991 года, які заклікаў да абмену дарамі паміж Захадам і Усходам.

Касцёл на Усходзе меў тады вострую патрэбу ў персанальнай, духоўнай і матэрыяльнай дапамозе. На Захадзе, які сутыкнуўся з крызісам секулярызму, існавала не менш вострая патрэба ў сведках веры. Менавіта такімі сведкамі з’яўляюцца мучанікі», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Іерарх адзначыў, што неабходна памятаць таксама пра тых мучанікаў, якія не былі забітыя, але перажылі катаванні і зняволенне, як, напрыклад, кардынал Казімір Свёнтэк; і пра тых, якія, моцна рызыкуючы, баранілі касцёлы ад закрыцця і разбурэння, патаемна вучылі дзяцей праўдам веры, дапамагалі нешматлікім святарам у служэнні ў цяжкія часы пераследу.

«„Кроў мучанікаў — гэта насенне хрысціянаў“, — казаў Тэртуліян. Сёння мы назіраем гэты працэс. Насенне трапіла ў нашую зямлю. Нам неабходна яе культываваць, каб вірус секулярызму і хрысціянафобіі не заглушыў усходаў і каб яны далі багаты плён», — завяршыў свой выступ арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Абноўлена 12.03.2020 01:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця