Пошук

04.03.2020 16:30   Падрыхтаваў: Віталь Сямёнаў / Фота: Аляксей Ціхан / Catholic.by

Студэнты першага курса Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі, які дзейнічае ў Мінску, па запрашэнні Біскупскага вікарыя для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB узялі ўдзел у сустрэчы моладзі на тэму «Як абараняць сваю веру», пасля чаго наведалі парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мсціславе — адну з самых усходніх каталіцкіх супольнасцяў нашай краіны.

У Першую нядзелю Вялікага посту першакурснікі разам з біскупам Аляксандрам Яшэўскім скіраваліся ў Мсціслаў, дзе адбылося благаслаўленне старажытнага крыжа. Нягледзячы на моцны холад у касцёле, гарачыя сэрцы невялікай колькасці парафіянаў стваралі атмасферу малітвы і цеплыні.

Вернікі сардэчна дзякавалі біскупу за пробашча кс. Міхала Бубена, які быў прызначаны на пастаянны час у гэтую парафію. Таксама яны казалі, што, магчыма, хтосьці са студэнтаў першага курса семінарыі, якія ў гэты дзень сталі іх гасцямі, — патэнцыйны святар-місіянер на магілёўскіх землях, якія, паводле меркавання большасці семінарыстаў, з’яўляюцца «непаднятаю цаліною».

Семінарысты падзяліліся ўражаннямі адносна сустрэчы «Як абараняць сваю веру».

Максім Ваўчок: «Самае вялікае ўражанне на мяне мела праца ў групах. Удзельнікі апавядалі пра ўласны вопыт абароны сваёй веры. Паводле гісторыі жыцця кожнага з іх можна здымаць кіно. Усе гэтыя гісторыі вельмі ўразілі мяне і яшчэ раз нагадалі пра тое, як у сучасным свеце людзі патрабуюць Жывога Бога».

Аляксей Ціхан: «Моладзь — гэта тыя людзі, якія ў першую чаргу мараць знайсці сваё пакліканне. Як знайсці яго? Для гэтага патрэбны Бог. Падчас сустрэчы я ўглядаўся ў вочы маладых людзей і намагаўся знайсці тыя таленты і якасці, якія закладзены ў іх Найвышэйшым. Зыходзячы са сведчанняў іх уласнага жыцця, гэта значыць таго, як яны знайшлі Бога ў пэўны момант, можна адчуць тую боскую любоў, якую Ён на іх спасылае.

Як казаў Папа Францішак моладзі ў сваёй Апостальскай адгартацыі Christus Vivit: „Вы — сённяшні дзень Бога“».

Віталій Стасюкевіч: «Больш за усё мяне кранула адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Ксёндз Уладзімір Марушэўскі, хрыстусовец, заклікаў прыгадаць тыя моманты свайго жыцця, калі адбылася асабістая сустрэча з Езусам, разам з досведам, які з’яўляецца фундаментам маёй веры.

Падчас малітвы Пан Езус на самай справе паказаў мне ў сэрцы гэтыя моманты, пра якія я магу цяпер думаць і разважаць у цяжкія хвіліны жыцця, асабліва падчас розных выпрабаванняў.

Цяпер я ведаю, што гэта дапамагае бараніць і цаніць Божы дар маёй веры».

Андрэй Рушніцкі: «На маю думку, гэта вельмі актуальная тэма для разважання. У наш складаны час, беларусам неабходна жыццё гэтымі ідэямі, каб шляхам дыялогу, прабачэння, міласэрнасці і ўзаемнай пашаны, на хрысціянскіх каштоўнасцях будаваць шчаслівую Беларусь. Таму неабходна бараніць веру і выбар людзей, бараніць Касцёл!

Нягледзячы на тое, што Касцёл складаецца з грэшнікаў, ён святы! Гэта асвячанае месца, месца малітвы! Я таксама грэшнік, і, каб „быць сапраўды вольным“, я павінен быць вольным ад граху.

Не толькі свабода па прычыне таго, што Езус прабачыў нашыя грахі, але свабода дзеля таго, каб устаць як мага раней, узяць на сябе свой крыж і наследаваць Езуса. Быць свабодным, каб перамагаць так, як перамагаў Ён. Тады жыццё будзе сведчаннем, якое абараняе нашую веру!

Мяне вельмі ўразіла тое, што людзі, якія сутыкнуліся з праблемамі, не пабаяліся даверыць сваё жыццё Богу.

Калі пісаў гэты тэкст, мне прыгадалася польская прыказка: “Bez Boga i z górki ciężka droga” (Без Бога і з гары цяжкая дарога). Сапраўды, Бог учыніў у іх жыцці цуды. У групе, у якой я ўдзельнічаў, хтосьці сказаў: „Людзі веруючыя, здаецца, больш шчаслівыя“. Хвала Пану!»

Віталій Сямёнаў: «Падчас нашай вандроўкі ў Магілёў мяне ўразіла тое, што ўсходняя частка нашай радзімы перажывае крызіс практыкавання веры сярод сярэдняга пакалення і моладзі, якая, нягледзячы на гэта, жадае пазнаваць Бога. Але застаецца надзея, што маладыя людзі з Магілёва, Бабруйска і Касцюковічаў, хоць іх было няшмат, не будуць саромецца сведчыць пра тое, што яны вераць, а самае галоўнае — давяраюць Богу.

Падчас працы ў групах сведчанні розных людзей вельмі моцна мяне здзівілі і ўразілі. Дзякуй Богу, што ёсць тыя людзі, якія не саромеюцца даваць сведчанні пра сваю веру».

Абноўлена 04.03.2020 16:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.