29 лютага ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў Магілёве прайшла сустрэча моладзі на тэму «Як абараняць сваю веру».
Па запрашэнні біскупскага вікарыя для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB для маладых хрысціянаў яе правялі ксяндзы хрыстусоўцы з парафіі святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Кольбэ ў Мінску.
На сустрэчу, прысвечаную заўсёды актуальнай тэме, завіталі не толькі магілеўчане, але і католікі з Мінска, Барысава, Бабруйска, Касцюковічаў, а таксама семінарысты першага курса з Мінска разам са сваімі выхаваўцамі.
Вітаючы ўдзельнікаў, біскуп Аляксандр сказаў:
«Каб бараніць веру, трэба спачатку яе мець. Таму жадаю, каб сённяшняя сустрэча дапамагла нам адкрыць, па-першае, ці кожны з нас мае веру; па-другое, якая яна; па-трэцяе, як яе захаваць, умацоўваць і абараняць».
Насычаная праграма нечакана для ўсіх распачалася з… танцаў, падчас якіх удзельнікі змаглі пазнаёміцца адно з адным.
«Мы ўсе — дзеці Караля. Таму і будзем танцаваць сапраўдныя каралеўскія танцы», — патлумачылі арганізатары. І калі першыя па даваліся з цяжкасцю, то праз 20 хвілін удзельнікі сустрэчы адчулі смак старажытных танцаў.
Падчас канферэнцыі ксёндз Алег Шпець SChr адзначыў, што галоўнае ў справе абароны веры — не баяцца даверыць сваё жыццё Богу і сведчыць пра свой уласны досвед іншым.
«Гэта не справа таго, што мы пераменім свет.
Пан Езус таксама прыйшоў не для таго, каб перамяніць свет, а каб збавіць кожнага з нас. Паасобку і ў супольнасці. Супольнасць — гэта моц», — падкрэсліў святар.
Падчас выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту ксёндз Уладзімір Марушэўскі SChr засяродзіў увагу на тым, што ў кожнага чалавека павінна адбыцца лёсавызначальная сустрэча з Хрыстом. Ён прывёў прыклад адносінаў вучняў Езуса да Яго:
«Вучні ходзяць за Панам, дзеляць з Ім жыццё. Назіраюць, моляцца. Спрабуюць адказаць на пытанні, якія Ён задае. Пасля гэтай сустрэчы з Езусам наступае звычайны час. Для нас гэта час, калі мы рыхтуемся да выканання нашай місіі, рэалізацыі нашага паклікання», — адзначыў малады святар.
Сваім уласным досведам удзельнікі падзяліліся падчас працы ў групах. Яны распавялі, з якімі праблемамі сутыкаюцца ў сваім штодзённым жыцці.
Завяршыла сустрэчу святая Імша, якую цэлебраваў Біскупскі вікарый Магілёўскага рэгіёна біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.