З 27 па 29 кастрычніка ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску адбылася чарговая біблійная сустрэча для юнакоў пасляшкольнага ўзросту, прысвечаная тэме «Знайдзі сваё месца ў Касцёле».
У святле Божага Слова сямёра маладых людзей пад кіраўніцтвам ксяндза Андрэя Лысага, хрыстусоўца, шукалі свой шлях да святасці, гледзячы на прыклад жыцця і веры апосталаў. Гэтым разам у цэнтры ўвагі ўдзельнікаў сустрэчы была гісторыя паклікання святога Барталамея
Адзін з маладых людзей, якія бралі ўдзел у трохдзённай біблійнай сустрэчы, падзяліўся сваімі ўражаннямі з Catholic.by.
— На біблійнай сустрэчы я быў упершыню. Асаблівым чынам мяне ўразіў фармат і настрой, у якім яна праходзіла. Часам было такое адчуванне, што мы дзесьці далёка, дзе нікога больш няма, і нам не трэба кудысьці спяшацца, бо ў нас няма ніякіх іншых турбот. Жыццё нібы спынілася, а ўсе нашыя думкі маглі звяртацца толькі да Бога.
Неверагодна цяпер пераасэнсоўваць усё тое, што мы паспелі зрабіць за гэты даволі кароткі час, бо адчуваю, нібы пражыў яшчэ адно маленькае жыццё.
Асобна хочацца ўзгадаць разважанні над урыўкам са Святога Пісання па старажытнай методыцы, калі, захоўваючы духоўную цішыню, мы засяроджваліся на размове з Богам. Цішыня, якая пачалася з другой паловы дня ў суботу і сімвалічна скончылася ў нядзелю, стала адметнасцю сустрэчы, якая пакінула шмат разваг. Сустрэча натхніла на новыя думкі і выклікала нямала пачуццяў.
Асаблівую падзяку хацелася б выказаць сёстрам уршулянкам за духоўную апеку і магчымасць праводзіць сустрэчы менавіта ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры, дзе ўдалося перажыць сапраўдныя «рэкалекцыі для душы і цела».