Пошук

03.03.2020 08:04   Тэкст: Анатоль Канарскі / msj.by / Catholic.by

Пазнаць сябе мы зможам толькі тады, калі зададзім сабе пытанне: «Кім я з’яўляюся на самай справе?» На яго шукалі адказ мужчыны на рэкалекцыях, якія прайшлі з 21 па 23 лютага ў рэкалекцыйным доме айцоў піяраў у Шчучыне.

Як паведамляе msj.by, рэкалекцыі былі прызначаны для мужчын-католікаў, зацікаўленых у духоўным развіцці, пазнаванні Бога і жаданні зразумець, кім з’яўляецца мужчына і якое яго сапраўднае прызначэнне ў Божай задуме.

Арганізатарам мерапрыемства выступіў рух «Мужчыны святога Юзафа» ў Гродне. Выступаў з канферэнцыямі, цэлебраваў святую Імшу, удзяляў сакрамэнт пакаяння і паяднання рэкалекцыяніст кс. Аляксандр Жарнасек МІС, які ўжо шмат гадоў акрамя правядзення ў парафіях канферэнцый, курсаў і семінараў адказвае таксама за служэнне для вязняў у турме ў Оршы.

Дні рэкалекцый былі вельмі інтэнсіўнымі, часу на расслабленне не было: штодзённая малітва, разважанні над урыўкамі са Святога Пісання, рэкамендаванымі а. Аляксандрам Жарнасекам, канферэнцыі, адарацыя, размовы, прагляд фільма і п’есы.

Канферэнцыі не былі заснаваны выключна на тым, што Біблія кажа пра мужчын. Рэкалекцыяніст супастаўляў вучэнне Хрыста і мысленне чалавека, яго прыроду і характар.

Гаварылася пра тое, як адрозніваецца мысленне мужчыны і жанчыны, якія ў іх погляды на адны і тыя ж сітуацыі. Гэта дапамагала ўдзельнікам зірнуць на многія моманты ў адносінах са сваімі жонкамі зусім іншымі вачыма. Такі падыход дае адказы на тое, чаму людзі часам не могуць зразумець свайго парнёра. Гэта нялёгка, але важна пазнаваць адно аднаго, каб у сем’ях не здараліся канфлікты.

Падчас канферэнцый закраналася і шмат іншых тэм, не толькі тых, якія датычацца адносін мужчыны і жанчыны. Асновай было тое, што на пачатку мужчына павінен зразумець, які ён сам. А для гэтага павінны быць адносіны з Богам, бо толькі Пан можа раскрыць усе каштоўнасці, таленты і дары мужчынскай асобы. Варта толькі захацець гэтага і стаць у праўдзе перад Нябесным Айцом, зняўшы ўсе маскі.

Між іншым, канферэнцыі дапамагалі адкрыць, што характар мужчыны — гэта характар гаспадара. Не таго гаспадара, якога часта паказваюць у фільмах або якім мужчыны хочуць быць у гэтым свеце.

Гаспадар адказны за жонку, выхаванне дзяцей, фінансы, дом, парафію, горад, краіну. Каб стаць такім, трэба звярнуцца да Бога і прасіць аб дапамозе.

Мэтай рэкалекцыі было не толькі тое, каб мужчыны маглі сабрацца для размоваў і малітвы, але і тое, каб, набраўшыся ведаў і ўмацаваўшыся духоўна, яны аднаўлялі і ўмацоўвалі свае сем’і для Божай радасці і сведчання свету, што сем’і жывыя тады, калі на чале стаіць верны і богабаязны муж.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа