У першыя дні Вялікага посту, з 28 лютага па 1 сакавіка, у кляштары сясцёр змёртвыхпаўстанак у Наваполацку сабралася моладзь з Наваполацка, Шаркаўшчыны і Глыбокага на рэкалекцыях пад назвай «Дазволь сябе ўратаваць».
Маладыя людзі пачалі малітоўную вандроўку разам з Хрыстом падчас набажэнства Крыжовага шляху. Пры пераходах ад стацыі да стацыі абуджалася свядомасць, што гэта дарога нашых выбараў; дарога, якая вучыць прымаць рашэнні або выбіраць і быць ім вернымі, а таксама прыслухоўвацца да Божага голасу.
У чарговы дзень вандроўкі ўдзельнікам спадарожнічаў прарок Ёна.
У час малітвы, канферэнцыі, працы ў групах маладыя людзі ўсё больш знаходзілі падабенства з гэтай асобай, і прарок станавіўся для іх вельмі блізкім.
Ёна перажываў хвіліны роспачы, калі здавалася, што «ніжэй» ужо нельга; уцякаў ад Бога, каб толькі нічога не змяняць у сваім жыцці, не губляць сваю прастору камфорту. Вельмі падобнае адбываецца і з сучаснай моладдзю. Кожны з нас, як і прарок Ёна, баіцца быць інструментам у руках Бога.
Час прабывання ўнутры кіта прыводзіць Ёну да навяртання, якое пачынаецца са згоды на дыялог, шчырай малітвы аб паратунку. Падчас сакрамэнту пакаяння і паяднання, а таксама падчас святой Імшы маладыя людзі прасілі Бога аб ратунку.
Умацаваныя Хлебам жыцця, удзельнікі атрымалі запрашэнне на сустрэчу «тварам у твар» з Тым, хто можа ўсё.
Час адарацыі быў момантам, калі моладзь дазволіла ратаваць сябе ад голаду любові, ад закамянеласці сэрца.
Рэкалекцыі дапамагалі ўсвядоміць, што Вялікі пост — пасхальны шлях твайго і майго ўваскрасення, час, калі трэба навучыцца дазваляць сябе ратаваць, а таксама навучыцца прасіць аб дапамозе.