Пошук

28.02.2020 12:08   Тэкст: кс. Францішак Рудзь / Фота: з архіва аўтара / Catholic.by

Студэнты магістратуры гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў парафіі Маці Божай Будслаўскай у Мінску праслухалі курс лекцый «Фэст Маці Божай Будслаўскай — помнік з Рэпрэзентацыйнага спісу нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА: гісторыя фарміравання санктуарыя ў Будславе і сусветнае прызнанне».

Студэнты выпускнога курсу магістратуры гістарычнага факультэта БДУ маюць высокі ўзровень падрыхтоўкі ў галіне айчыннай і сусветнай гісторыі, культуры і гісторыі рэлігіі. Выпускнікі факультэта працуюць у сферах сістэмы адукацыі, турызму, міжнародных сувязяў, у музеях і архівах.

У ходзе вывучэння культуры і канфесійнай гісторыі Беларусі студэнты магістратуры звярнуліся да даследавання Будслаўскага фэсту, які 26 лістапада 2018 г. быў унесены ў рэпрэзентацыйны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА.

Фармаванне Будслава як аднаго з цэнтраў рэлігійнага жыцця ў Беларусі пачалося напрыканцы XVI ст. Аднак, нягледзячы на працяглую гісторыю і сусветнае прызнанне, яго вывучэнне ўскладнена знаходжаннем крыніц у архівах і бібліятэках Літвы і Польшчы. У той жа час у сучасным беларускім грамадстве заўважна расце зацікаўленасць гісторыяй санктуарыя ў Будславе.

У чатырох лекцыях пробашч сталічнай парафіі Маці Божай Будслаўскай ксёндз канонік Францішак Рудзь распавёў пра гісторыю зараджэння рэлігійнага цэнтра і з’яўлення на тэрыторыі Беларусі цудадзейнай іконы, стыль яе напісання, вядомыя спісы іконы, будаўніцтва капліцы і мураваных святыняў у Будславе.

Асаблівую цікавасць у слухачоў выклікалі пытанні канфесійнай гісторыі Будслаўскага рэгіёну, феномен мецэнацкай дапамогі вернікаў рэлігійнаму цэнтру. Студэнтам былі паказаныя копіі старонак кнігі айца Элеўтэра Зеляевіча, выдадзенай у Вільні ў 1650 г. «Задыяк на зямлі, або Будская пушча ласкамі Божымі агорнутая, якія людзі адчуваюць пры цудоўным абразе Найсвяцейшай Панны Марыі, што ў касцёле айцоў бэрнардынаў».

Пробашч прадэманстраваў копіі фрагментаў выдання, кніг па гісторыі беларускіх земляў XVII–XVIII стст., дзе былі апісаныя паселішчы Будслаўскага рэгіёну, зацытаваў успаміны пісьменнікаў пра Будслаў.

Рост цікавасці да гісторыі і традыцый Будслава сведчыць пра вялікую ролю санктуарыя ў гісторыі і культуры Беларусі.

 

Абноўлена 28.02.2020 12:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця