28 лютага ў 1.06 аўтамабіль прэстыжнай замежнай маркі на вялікай хуткасці ўехаў у балюстраду ўваходных сходаў гродзенскай катэдральнай базылікі святога Францішка Ксавэрыя.
Гэтую архітэктурную дэталь аднаго з найпрыгажэйшых беларускіх касцёлаў вянчае фігура Езуса, які нясе крыж і праваю рукою ўказвае на нябёсы. Пад выяваю Збаўцы змешчаны надпіс на лацінскай мове Sursum corda — «Угору сэрцы».
Як паведаміў сайт Newgrodno.by, рухаючыся па вуліцы Стэфана Баторыя, кіроўца меўся павярнуць на вуліцу Карла Маркса, але не справіўся з кіраваннем аўтамабіля, выехаў на ходнік і на вялікай хуткасці ўехаў у ніжні слуп правага крыла балюстрады. У момант удару ў аўтамабілі спрацавала падушка бяспекі.
Балюстрада касцёла, у адрозненне ад разбітага прэстыжнага аўто, атрымала нязначныя пашкоджанні.
Кіроўцу забрала «хуткая дапамога», пра яго стан пакуль нічога не паведамляецца.
Як зазначаецца на сайце, застаецца радавацца таму, што ДТЗ адбылося ўначы, а не ўдзень, калі перад касцёлам праходзіць шмат людзей.