Пошук

27.02.2020 15:15   Паводле: Grodnensis.by

Пастырскі ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча на Першую нядзелю Вялікага посту 2020 года

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры! Дарагія вернікі Гродзенскай дыяцэзіі!

У Касцёле на Беларусі працягваецца пастырскі год, прысвечаны асобе і вучэнню святога Яна Паўла ІІ. З гэтай нагоды мы засяродзім увагу на выбраных фрагментах папскіх пасланняў на Вялікі пост з розных гадоў яго пантыфікату. Няхай словы Вялікага Папы, якія мы пачуем, дапамогуць нам плённа перажыць час велікапоснага пакаяння і навяртання.

«Вялікі пост — гэта час праўды. Сапраўды, закліканы Касцёлам да малітвы, пакаяння і посту, да ўнутранага і знешняга самаадрачэння, хрысціянін становіцца перад Богам і прызнае сябе такім, якім ён ёсць, адкрывае сябе нанава.

„Памятай, чалавек, што ты прах і ў прах вернешся“. Памятай, чалавек, што ты пакліканы да іншых рэчаў, чым гэтыя зямныя і матэрыяльныя даброты, якія могуць адвесці ад таго, што істотнае. Памятай, чалавек, пра тваё галоўнае пакліканне: ты паходзіш ад Бога і вяртаешся да Бога з перспектывай уваскрасення, якое з’яўляецца шляхам, вызначаным Хрыстом» (1981).

«У час Вялікага посту ўсе мы павінны з асаблівай увагай глядзець на Крыж, каб нанава зразумець яго сутнасць. Мы не можам бачыць у ім толькі напамін пра падзеі, якія адбыліся каля дзвюх тысяч гадоў таму. Мы павінны разумець навуку Крыжа так, як ён звяртаецца да нашых часоў, да сённяшняга чалавека: „Езус Хрыстус той самы ўчора, і сёння, і навекі“ (Гбр 13, 8). У Крыжы Езуса Хрыста выяўляецца рашучы заклік <…> да навяртання: „Навяртайцеся і верце ў Евангелле“ (Мк 1, 15). I гэты заклік мы павінны прыняць як скіраваны да кожнага з нас і да ўсіх асаблівым чынам з нагоды перыяду Вялікага посту. Перажываць Вялікі пост — значыць навярнуцца да Бога праз пасрэдніцтва Езуса Хрыста.

Сам Хрыстус паказвае нам у Евангеллі багатую праграму навяртання. Хрыстус, а пасля Яго Касцёл, прапануе нам таксама ў час Вялікага посту сродкі, якія служаць гэтаму навяртанню.

Гаворка ідзе найперш пра малітву, потым пра міласціну і пост. Трэба прыняць гэтыя сродкі і ўвесці іх у жыццё ў адпаведнасці з патрэбамі і магчымасцямі чалавека і хрысціяніна нашых часоў.

Малітва застаецца заўсёды першай і асноўнай умовай набліжэння да Бога. У час Вялікага посту мы павінны маліцца, павінны намагацца маліцца больш; шукаць час і месца, каб маліцца. Менавіта малітва перш за ўсё паспрыяе таму, каб мы пазбавіліся ад абыякавасці, і зробіць нас адчувальнымі да спраў Бога і душы. Малітва выхоўвае таксама наша сумленне, а Вялікі пост з’яўляецца часам асабліва спрыяльным для абуджэння і выхавання сумлення. Касцёл нагадвае нам менавіта ў гэты перыяд пра моцную неабходнасць сакрамэнтальнай споведзі, каб мы ўсе маглі перажываць уваскрасенне Хрыста не толькі ў літургіі, але таксама ў нашай уласнай душы.

Міласціна і пост як сродкі хрысціянскага навяртання і пакаяння цесна злучаны паміж сабой. Пост азначае панаванне над сабой; азначае стаўленне патрабавальнасці адносна сябе, гатоўнасць да адмаўлення ад рэчаў, і не толькі ад ежы, але таксама і ад раскошы і розных прыемнасцяў. А міласціна <…> азначае гатоўнасць дзяліцца з іншымі радасцямі і смуткам, дапамагаць бліжняму, асабліва патрабуючаму; дзяліцца не толькі матэрыяльнымі дабротамі, але і дарамі духа. І менавіта з гэтай прычыны мы павінны адкрывацца для іншых, адчуваць розныя іх патрэбы, цярпенні, няшчасці і шукаць сродкаў — не толькі ў тым, чым валодаем, але найперш у нашых сэрцах, у нашым спосабе паводзін і дзейнасці — для забеспячэння іх патрэбаў або палягчэння ў іх цярпеннях і нядолі.

Сапраўды, навяртанне да Бога праз малітву злучаецца са зваротам да чалавека. Будучы патрабавальнымі да сябе і велікадушнымі да бліжніх, мы канкрэтным і адначасова грамадскім спосабам выражаем наша навяртанне» (1979).

«Наша стаўленне да бліжняга з’яўляецца асноватворнай рэччу.

Кажучы „бліжні“, я маю на ўвазе, безумоўна, тых, хто жыве побач з намі ў сям’і, у вёсцы і горадзе. Але адносіцца гэта таксама да тых, каго мы сустракаем на працы, да тых, якія пакутуюць, хварэюць, перажываюць самотнасць і з’яўляюцца сапраўды беднымі. Мае бліжнія — гэта таксама людзі геаграфічна вельмі далёкія: бежанцы са сваёй айчыны, людзі без працы, без ежы і адзення, часта пазбаўленыя свабоды. <…>

Дзяленне — гэта абавязак, ад якога не могуць ухіляцца людзі добрай волі, а асабліва вучні Хрыста. Формы гэтага дзялення могуць быць самыя разнастайныя: ад дабравольнага служэння, якое спаўняецца з годнай Евангелля спантаннасцю, ад шчодрых і не толькі аднаразовых дароў, якія паходзяць з таго, чаго ў нас вельмі шмат, а часам і з таго, што нам самім патрэбна, і да працы, якую даем беспрацоўнаму ці таму, хто блізкі ўжо да страты ўсялякай надзеі» (1983).

«Існуе таксама іншая беднасць, такая ж небяспечная: яна заключаецца ў адсутнасці не матэрыяльных сродкаў, а духоўнага пасілку, адказу на найважнейшыя пытанні, надзеі на будучыню. Гэтая духоўная беднасць з’яўляецца прычынай вельмі моцных пакутаў. Мы на ўласныя вочы бачым наступствы, часта трагічныя, жыцця, пазбаўленага сэнсу. Гэтая форма беднасці праяўляецца асабліва ў тых месцах, дзе чалавек жыве ў дабрабыце, можа наталіць свае матэрыяльныя патрэбы, але пазбаўлены духоўных арыенціраў. Гэта пацвярджаюць словы Хрыста ў пустыні: „Не хлебам адным будзе жыць чалавек, а кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых“ (Mц 4, 4). У глыбіні сэрца чалавек шукае сэнсу, патрабуе любові.

На гэтую форму беднасці трэба адказаць абвяшчэннем — тым, пра якое сведчаць учынкі, — Евангелля, якое збаўляе, якое асвятляе нават цемру цярпення, бо прыносіць Божую любоў і міласэрнасць.

Голад, які мучыць чалавека, — гэта на самай справе голад Бога: без суцяшэння, якое Ён дае, чалавек пакінуты самому сабе, церпіць галечу, бо пазбаўлены крыніцы сапраўднага жыцця» (1998).

«Жадаю, каб сем’і ўсвядомілі найперш, на чым засноўваецца іх місія ў Касцёле і ў свеце. <…> Сям’я — гэта першае і прывілеяванае асяроддзе выхавання, практыкі братэрскага жыцця і разнастайных форм любові і салідарнасці. Жыццё ў сям’і вучыць адкрытасці, дабрыні і павазе да бліжняга, які павінен заўсёды знаходзіць у нашым сэрцы належнае месца. Жыццё ў супольнасці схіляе таксама дзяліцца дабротамі, што дазваляе чалавеку выйсці па-за ўласны эгаізм. Калі мы вучымся дзяліцца і даваць, адкрываем велізарную радасць, якую дазваляе спазнаць супольнасць дабротаў. Выхоўваючы словам і прыкладам, бацькі павінны паступова фармаваць у сваіх дзецях стаўленне салідарнасці. Гэта дазволіць кожнаму ўжо ў дзяцінстве перажыць досвед адмаўлення і посту, што загартоўвае характар і вучыць панаваць над інстынктамі, асабліва над эгаістычным інстынктам валодання. Тое, чаму мы вучымся дзякуючы жыццю ў сям’і, захоўваецца ў нас на ўсё жыццё.

У гэты асабліва цяжкі перыяд, які перажывае наш свет, няхай сем’і — па прыкладзе Марыі, якая спяшаецца з дапамогай сваёй сваячцы Альжбеце, — адкрываюцца для патрэбаў бедных братоў і ўдзяляюць ім дапамогу, як матэрыяльную, так і духоўную!

<…>

Не будзем закрываць сёння нашы сэрцы, а будзем слухаць голас Хрыста і голас людзей — нашых братоў! Няхай учынкі міласэрнасці, якія здзяйсняюцца ў перыяд Вялікага посту сем’ямі і для сем’яў, стануць для ўсіх крыніцай глыбокай радасці і адкрыюць сэрцы для прыйсця ўваскрослага Пана!..» (1994)

Дарагія браты і сёстры! Жадаю вам глыбокага і плённага перажывання прыгожага перыяду Вялікага посту, атуляю вас сваёй малітвай, даручаю апецы і заступніцтву Марыі, Маці Міласэрнасці, і ад усяго сэрца ўсіх благаслаўляю.

+ Aляксандр Кашкевіч, біскуп Гродзенскі

Гродна, 24.02.2020 № 82/20

P.S. Гэты Пастырскі ліст трэба прачытаць падчас cвятых Імшаў ва ўсіх касцёлах і капліцах Гродзенскай дыяцэзіі 1 сакавіка 2020 г.

 

Абноўлена 27.02.2020 16:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.