Пошук

27.02.2020 11:11   Catholic.by

Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі на Вялікі пост 2020 года

«Пане, калі даеш мне выбар — выбіраю Твой Крыж. Вядзі мяне і дадай адвагі; вучы, як мне трымацца Твайго Крыжа».
Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі.

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі

Дарагія браты і сёстры!

Распачынаем чарговы час, калі маем магчымасць яшчэ больш наблізіцца да Пана Бога і спазнаць, якой вялікай Любоўю Ён з’яўляецца. Гэта асаблівы час — Вялікі пост. Гэта час Крыжовага шляху і іншых пасійных набажэнстваў. Час, калі найпаўней прамаўляе да нас Асоба Езуса Хрыста — Бога, які стаў адным з нас дзеля нашага збаўлення. Час, калі наймацней прамаўляе цярпенне Божага Сына. Час, які рыхтуе нас да Вялікага тыдня і Святога Пасхальнага Трыдууму — трох дзён успаміну Мукі, Смерці і спачынку ў грабніцы Пана Езуса. А ўсё гэта вядзе нас да перажывання факту Уваскрасення Пана. Гэты факт напаўняе сэнсам веру і жыццё хрысціяніна.

Хачу запрасіць вас падчас гэтага Вялікага посту, каб мы перажылі яго разам са сведкам найвялікшых таямніц веры, якім, несумненна, быў Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі — першы біскуп нашай дыяцэзіі, а сёння — кандыдат на хвалу алтара.

Сведкам таямніц веры робіць яго не толькі прыгожая смерць у Вялікую суботу 1932 года, але і ўсё яго жыццё, якое распачалося роўна 150 гадоў таму, а перадусім яго душпастырства.

У сваім біскупскім служэнні ён асабліва падкрэсліваў выключнасць Крыжа і яго збаўчую моц. Па прыкладу св. Апостала Паўла Слуга Божы заахвочваў глядзець на Крыж Хрыста як на крыніцу моцы і мудрасці Божай (пар. 1 Кар 1, 17–25). Між іншым таму біскуп Зыгмунт запрашаў асабліва моладзь праводзіць і перажываць набажэнства Крыжовага шляху. Ён запрашаў таксама да супольнага ўдзелу ў гэтым набажэнстве ў пінскай катэдры.

Сёння і я хачу паўтарыць гэтае запрашэнне. З верай удзельнічайце ў велікапосных набажэнствах у вашых парафіяльных супольнасцях. А калі будзеце мець магчымасць, прапаную супольна сустрэцца на гэтым набажэнстве ў той самай катэдры, дзе знаходзяцца стацыі Крыжовага шляху, перад якімі разам з вернікамі маліўся Слуга Божы.

Запрашаю ахвяраваць сёлетнія набажэнствы Крыжовага шляху ў інтэнцыі сужэнстваў і сем’яў нашай дыяцэзіі, каб яны былі моцныя Богам.

Прашу таксама ахвяраваць пакутныя набажэнствы падчас гэтага Вялікага посту ў інтэнцыі шматлікіх і святых пакліканняў з нашых сем’яў да святарства і манаскага жыцця.

На гэты святы і прыгожы час ад усяго сэрца ўсіх вас благаслаўляю.

+ Антоні Дзям’янка, біскуп Пінскі

Пінск, 24 лютага 2020 г.

Тэкст паведамлення па-беларуску і па-польску ТУТ>>>

Абноўлена 27.02.2020 11:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця