Пошук

26.02.2020 14:30   Паводле: кс. Юрый Марціновіч / Grodnensis.by / Фота: с. Магдаліна Кулай CSCII, кс. Юрый Марціновіч / Grodnensis.by

24 лютага ў біскупскай курыі ў Гродне адбылася сустрэча катэхетаў, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.

Як паведамляе Grodnensis.by, на сустрэчы сабралося больш за 60 катэхетаў: святары, сёстры законныя, свецкія асобы. Прысутныя слухалі даклады, мелі час на дыскусію, пазнаёміліся з новымі катэхетычнымі матэрыяламі і публікацыямі, прынялі ўдзел у адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і святой Імшы.

У дакладзе «Катэхеза — дыялог аб збаўленні» пробашч парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыi ў Кемелішках кс. Павел Гардзейчык падкрэсліў, што дыялог Касцёла з моладдзю мае на мэце выхаванне адпаведных адносін унутры самой супольнасці Касцёла і выхаванне маладога чалавека да дыялогу.

Святар адзначыў, што выхаванне дзяцей і моладзі да дыялогу засноўваецца не на навучанні метаду яго правядзення, правіл дыскусіі, а на выхаванні сталай ідэнтычнасці чалавека як асобы.

Гэтае выхаванне не можа быць аддзелена ад спадарожнічання чалавеку на вельмі значным этапе яго жыцця, якім з’яўляецца маладосць, — спадарожнічання, якое разумеецца інтэгральна.

У дакладзе «Сведчанне катэхета аб цнатлівасці ў сучасным свеце» пробашч парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Граўжышках кс. Павел Раманоўскі заўважыў, што дзеці і моладзь, а таксама людзі слабой веры патрабуюць яснага сведчання духоўных асобаў — і прыкладам, і словам — аб магчымасці жыцця ў цнатлівай любові згодна са сваім жыццёвым пакліканнем.

Святар дадаў, што дзецям і моладзі трэба найперш паказваць прыгажосць, дабро, каштоўнасць цноты чыстасці. Як адзначыў кс. Раманоўскі, трэба сведчыць аб тым, навошта яна патрэбная, каб зрабіць магчымым далейшае развіцце ў напрамку дасканаласці.

У межах сустрэчы с. Любаміра Кругавая OP з Катэхетычнай секцыі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі прадставіла прысутным катэхетычныя дапаможнікі і літаратуру.

Кульмінацыяй сустрэчы стала Імша, цэлебрацыю якой узначаліў у капліцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у інтэнцыі ўсіх, хто займаецца катэхізацыяй у дыяцэзіі. У Эўхарыстыі ўдзельнічаў дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Біскуп Кашкевіч заклікаў катэхетаў i далей актыўна служыць у сваіх парафіяльных супольнасцях, асабліва ідучы да ўсіх, хто прагне Божай праўды.

Ён падкрэсліў, што гэта адказнае заданне, якое засноўваецца на тым, каб ісці да чалавека са Словам самога Бога. Іерарх падзякаваў катэхетам за спаўненне гэтай вялікай задачы абвяшчэння Добрай Навіны дзецям і моладзі — будучыні Касцёла і свету.

Сустрэча завяршылася супольным абедам, падчас якога была таксама магчымасць абмяняцца вопытам у штодзённым навучанні і метадамі, якія выкарыстоўваюць катэхеты ў працы.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.