Пошук

21.02.2020 17:28   Паводле: Grodnensis.by
Фота Grodnensis.by

Kаманда святароў Гродзенскай дыяцэзіі, якая прадстаўляла Беларусь, стала 7-й на XIV Чэмпіянаце Еўропы сярод каталіцкіх святароў па міні-футболе. Чэмпіянат праходзіў з 17 па 21 лютага ў сталіцы Чэхіі Празе.

Як паведамляе партал Grodnensis.by, першае месца заняла каманда Польшчы, другое — Босніі i Герцагавіны, трэцяе — Партугаліі.

Капітан беларускай каманды кс. Дзяніс Бразінскі адзначыў, што гэта добры вынік для яе на чэмпіянаце, бо некаторыя каманды маюць сапраўды высокі ўзровень падрыхтоўкі і гуляюць як прафесіяналы.

У мінулым годзе беларуская каманда заняла 12-е месца на гэтым чэмпіянаце, які праходзіў у Ульцыне ў Чарнагорыі ля вусця ракі Баяны каля мяжы з Албаніяй, над Адрыятычным морам.

Турнір па міні-футболе сярод святароў быў ініцыяваны духавенствам Аўстрыі. Першы чэмпіянат прайшоў у 2004 годзе ў Айзенштаце.

У сёлетнім турніры ўдзельнічала больш за 250 чалавек з 18 каманд.

З Беларусі ўдзельнічалі святары Гродзенскай дыяцэзіі, прадстаўнікі Віцебскай і Пінскай дыяцэзій — у цэлым 13 святароў.

Чэмпіянат стаў таксама часам інтэграцыі духавенства і магчымасцю сустрэцца са святарамі іншых краін. Праграма ўключала канферэнцыі на тэмы, якія датычылі духоўных каштоўнасцяў у спорце, супольную малітву са штодзённай святой Імшой і наведванне гістарычнай Прагі.

Абноўлена 21.02.2020 17:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.