Пошук

14.02.2020 13:25   Паводле: Аксана Ючкавіч / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

13 лютага ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску з удзелам біскупа Віцебскага Алега Буткевіча і біскупа Юрыя Касабуцкага адбылася вечарына памяці Марыі Скуратовіч. Яна распачалася святой Імшой за спачылую, якая месяц таму адышла ў вечнасць.

Цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, былы пробашч залатагорскай парафіі. Ён узгадаў спачылую Марыю як чалавека, цалкам адданага Богу і справе евангелізацыі, прыладаю для якой у яе жыцці сталі касцёльная музыка і спевы.

«Яна адаптавала духоўныя песні, перакладала тэксты, пісала сама. Іх любяць і спяваюць вернікі ва ўсёй Беларусі», — зазначыў іерарх.

Рэлігійныя песні, апрацаваныя і створаныя Марыяй Скуратовіч, сёння гучаць не толькі ў касцёлах, але таксама ў грэка-каталіцкіх і пратэстанцкіх супольнасцях нашай краіны.

Аксана Ючкавіч, удзельніца святой Імшы і вечарыны памяці на Залатой Горцы, на сваёй старонцы ў Фейсбуку дзеліцца ўражаннямі.

«Усё пачалося з Імшы. На лаўках ляжалі лісткі з тэкстамі спеваў.

Так, там былі такія блізкія і родныя „Вітай, Езу“, „Бо так палюбіў“, „Езу, Твая міласць“… Калісьці Марыя прыносіла такія тэксцікі для спеву таксама, але яна пісала іх ад рукі ці пад капірку.

Я і не думала, што на гэтай Імшы будуць два біскупы. Але як жа маглі не быць тыя, хто ў свой час, у 90-я, быў разам з Марыяй, быў часткай той моладзі, якая гуртавалася на Залатой Горцы і была такой магутнай глыбай.

Я памятаю, як аднойчы, калі я брала інтэрв’ю ў ксяндза Міхала Сапеля [залатагорскага пробашча з 1991 па 2005 гады], то ён з такім захапленнем мне пра іх распавядаў. Як хацелася мне ўбачыць твары ўсіх, хто складаў тую глыбу. І ведаеце, сённяшні вечар памяці, адначасова і велічны, і вельмі смутны, здзейсніў прагненне майго сэрца. Я ўбачыла, я пачула, я адчула тых людзей… тую славутую моладзь!

Біскуп Юрый Касабуцкі сказаў казанне, біскуп Алег Буткевіч заспяваў любімы спеў Марыі Скуратовіч. Нешта мне здаецца, што гэта быў любімы спеў кожнага прысутнага…

Разам маліліся айцец Яўген Усошын, канцлер прадстаўніцтва Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі, ксёндз канонік з Беразінскага Сяргей Бараўнёў, ксёндз Ігар Лашук з парафіі ў Стоўбцах, ксёндз пробашч Юрый Санько ў гэты час спавядаў.

Я глядзела на іх і думала: а ведаеце пра што? Пра таямніцу і дар сяброўства, якое такое плённае і моцнае можа быць толькі ў веры і ў Хрысце, а таксама ў любові да свайго краю і народа. <…>

Марыя была для многіх прысутных той, якая дапамагла сустрэць Бога ў жыцці, праз якую Бог дзейнічаў у сэрцах і жыцці гэтых людзей.

Брат Яраслаў Крыловіч [капуцын], як і кожны іншы, таксама адзначыў і падкрэсліў, што апрача музычнага надзвычайнага таленту Марыя Скуратовіч мела талент, каб знаёміць людзей. Яна знаёміла тых, каму было наканавана разам ісці і ствараць тое, што мы цяпер маем.

А пра тое, што мы цяпер маем, мне вельмі спадабаліся словы біскупа Юрыя — сапраўдны беларускі Каталіцкі Касцёл! Біскуп Юрый сказаў, што Марыя і ўсе, хто быў з ёй, былі тымі, хто пачынаў даваць Касцёлу голас беларуса, яго песню. Тыя, хто пачынаў новую эпоху Каталіцкага Касцёла на Беларусі.

Спадар Андрусь, яшчэ адзін сведка, адзначыў, што калісь меў праблему з малітвай, бо не ішла яна ні па-руску, ані па-польску, але Марыя адкрыла яму дар малітвы, бо навучыла маліцца па-беларуску. І тады яно „зайшло і пайшло“.

Яна бачыла таленты, бачыла здольнасці, умела гэта ўсё сабраць у адзіны інструмент, які так моцна пачаў іграць і абуджаць беларусаў, надаваў ім адвагі, надаваў ім моцы і веры.

Божа, як моцна Ты любіў гэтую сваю дачку і любіш, што даручыў ёй такую місію ў нашым Касцёле. Дзякую за прыклад яе гарачага сэрца, якое заўсёды застанецца ў сэрцы нашага Касцёла, застанецца спевам на нашых вуснах і шчырай малітвай у самай глыбіні нашай душы…»

 

Абноўлена 14.02.2020 13:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа