Раніцай 11 студзеня закончыўся жыццёвы шлях важнага для беларускай культуры і Каталіцкага Касцёла на Беларусі чалавека — Марыі Скуратовіч.
Жанчына, адданая хрысціянскай веры, Беларусі і музычнай творчасці, яна пераклала і напісала вельмі вялікую частку тых песняў, якія цяпер спяваюць у касцёлах па ўсёй краіне, а таксама беларускія пілігрымы, калі крочаць па дарогах у Будслаў, у Тракелі ці іншыя святыя месцы.
Нарадзілася Марыя Скуратовіч у вельмі веруючай каталіцкай сям’і з поўначы Беларусі. Яе маці Ванда Скуратовіч падчас вайны ўдзельнічала ў ратаванні габрэйскай сямʼі, за што была прызнаная Ізраілем Праведнікам народаў свету.
У 1980 годзе дзякуючы намаганням групы мінскіх католікаў, у якую ўваходзіла і Ванда Скуратовіч, у Мінску дазволілі адчыніць першую з часу Другой сусветнай вайны святыню: касцёл Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках.
Яшчэ на пачатку 1990-х, калі беларускасць у Касцёле толькі адраджалася, Марыя Скуратовіч запісала касету песняў «Табе, Хрысце!», грала на арганах у касцёлах, натхніла шмат людзей граць музыку, пісаць песні і спяваць на роднай мове.
Шматлікія беларускія вернікі цяпер узгадваюць Марыю Скуратовіч.
«Перакладала на беларускую мову каталіцкія касцёльныя спевы, арганізоўвала хрысціянскія сустрэчы. Мне пашчасціла быць адной з першых з Марыяй у яе суполцы.
Мы разам маліліся, спявалі, вандравалі, размаўлялі пра веру і пра ўсё-ўсё-ўсё! Усё нам было цікава!
Я з ёй ішла ў другую пешую пілігрымку да Будслава. Нас тады было чалавек 27 з Мінска, не 500 яшчэ!» – кажа верніца Юлія Казіміровіч.
Улічваючы, якое значэнне мае музыка і спеў у касцёльным жыцці, без такіх людзей, як Марыя Скуратовіч, Касцёл на Беларусі цяпер, несумненна, быў бы значна менш беларускім.
«Калі 20 гадоў таму я выступіў з ідэяй пачаць беларускамоўныя Імшы ў налібоцкім касцёле, мы сутыкнуліся з процьмай праблем. Адсутнасцю тэкстаў, напрыклад. Але яшчэ горш было з беларускамоўнымі спевамі. Мы іх не ведалі і не ўмелі спяваць. Але ў мяне была цудоўная кніжачка „Ды-джэі Адраджэньня“, і там быў нумар Марыі.
Я патэлефанаваў, патлумачыў праблему, яна пасмяялася з нашай „праблемы“, запісала назву аўтобуса Мінск–Кляцішча да Налібак і сказала чакаць праз пару дзён. Прыехала, прывезла спеўнікі, якія сама ўклала і наступныя два дні вучыла моладзь беларускім каталіцкім спевам.
А ў нядзелю была першая ў гісторыі нашай парафіі Імша па-беларуску. Марыя была на ёй і ва ўсім нам дапамагала», — распавядае журналіст Зміцер Гурневіч.
Ня менш за 12 апошніх гадоў жыцця Марыя Скуратовіч змагалася з ракам, але заставалася такой жа жыццярадаснай, творчай і актыўнай.
Асабіста я пазнаёміўся з пані Марыяй у 2010 годзе, калі пачаў жыць у Беларусі. Так супала, што нас пазнаёмілі касцёльныя сябры. Мне трэба было здымаць кватэру, а пані Марыі трэба было кватэру здаць, бо ў той час яна ўжо не жыла ў Мінску. Не пасябраваць з такім чалавекам было немагчыма.
Мы шмат размаўлялі, пані Марыя спрабавала вучыць мяне граць на гітары, распавядала пра гісторыю кватэры, у якой вырасла на вуліцы Сядых.
Там у часы савецкага прыгнёту была падпольная каталіцкая капліца.
У яе кватэры на Залатой Горцы дагэтуль на сценах вісела шмат абразоў. Сюды ж яна запрашала і знаёміла мяне са сваімі сябрамі.
Яна была чалавекам, які яднаў і натхняў, заўсёды быў гатовы дапамагчы парадай і ідэяй.
У чацвер 13 лютага ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску адбудзецца святая Імша за святой памяці Марыю Скуратовіч.
Вернікі парафіі, да якой належала спачылая, запрашаюць усіх знаёмых і сяброў, а таксама ўсіх ахвотных у залатагорскую святыню, каб разам успомніць і памаліцца за святой памяці Марыю Скуратовіч.
Пачатак святой Імшы ў 18.30.