Пошук

14.02.2020 12:11   Тэкст: Андрэй Юхнік / Фота: Павел Леановіч, з архіва МВДС у Гродне / Catholic.by

14 лютага, у свята святых Кіріла і Мятода, апекуноў Еўропы, супольнасць Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне раніцай сабралася ў семінарыйнай капліцы на святой Імшы падзякі ў 26-ю гадавіну асвячэння алтара.

14 лютага 1994 года сённяшні арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, асвяціў алтар ў капліцы Вышэйшай духоўнай семінарыі.

Урачыстасць тады сабрала шматлікіх гасцей, сярод якіх прысутнічалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, арцыбіскуп Беластоцкі Станіслаў Шымэцкі, які падараваў алтар Гродзенскай семінарыі, біскуп Эдвард Азароўскі.

Прысутнічалі таксама шматлікія святары, прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы і семінарысты. За два дні да гэтай падзеі ў капліцу быў унесены абраз Маці Божай Вастрабрамскай — галоўнай Апякункі Гродзенскай дыяцэзіі. 

Цэлебрацыю святой Імшы ў гадавіну асвячэння алтара ўзначаліў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.

На пачатку Літургіі іерарх узгадаў, як, будучы семінарыстам, разам з іншымі братамі аднаўляў семінарыйны будынак, а таксама перажываў падзею асвячэння адноўленай капліцы.

Разважаючы над урыўкам Евангелля аб скіраванні на місію сямідзесяці двух вучняў, які чытаецца ў Касцёле ў свята святых братоў Кірыла і Мятода, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі падкрэсліў, што тыя, хто скончыў Гродзенскую семінарыю, падобным чынам скіроўваюцца на місію. Сёння выпускнікі семінарыі працуюць не толькі ў розных парафіях па ўсёй Беларусі, але таксама ў Афрыцы, у Паўднёвай Амерыцы, у Азіі.

Біскуп Юзаф адзначыў, што алтар — гэта «сэрца» капліцы, якая, у сваю чаргу, з’яўляецца «сэрцам» семінарыі. Гэта падкрэслівае і змешчаная на ім сімволіка — Сэрца Езуса.

«На алтары здзяйсняецца самае важнае ў жыцці будучых святароў — збаўчая ахвяра Езуса Хрыста. На ім выстаўляецца Найсвяцейшы Сакрамэнт, а таксама на алтары кандыдаты да дыяканскага і прэзбітэрскага пасвячэння падпісваюць свае абяцанні Богу і Касцёлу», — адзначыў біскуп.

«Менавіта сюды, на алтар — сэрца капліцы — мы павінны складаць свае сэрцы.

У хвіліны, калі нашае сэрца б’ецца стабільна, і тады, калі рытм сэрца збіваецца, заўсёды прыходзіць сюды і складаць сваё сэрца на алтар, каб з ахвяраю Хрыста злучыць ахвяру свайго жыцця», — заахвоціў семінарыстаў на заканчэнне іерарх.

Абноўлена 14.02.2020 12:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.