Пошук

07.02.2020 11:31   Тэкст і фота: Эла Дзвінская / Catholic.by

У Мінску на ХХVII Міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы ў прысутнасці замежных гасцей былі паспяхова прадэманстраваны факсімільнае ўзнаўленне Берасцейскай Бібліі і новая навуковая манаграфія Алеся Сушы «Асэнсаванне шэдэўра».

Цудоўная кніжачка ў светлай вокладцы з гравюрамі і каляровымі ілюстрацыямі змяшчае звесткі пра працу над перакладам найдаражэйшага кніжнага шэдэўра, пра яе рэдактара і друкара, мастацкую аздобу, разлічаную на густ і магчымасці заможнай шляхты. Можна даведацца пра яе бытаванне на Беларусі, распаўсюджванне ў кальвінскіх зборах і сярод уплывовых асобаў.

Захапляльныя старонкі кнігі прысвечаны фундатару Берасцейскай Бібліі — Мікалаю Радзівілу Чорнаму, для якога выдавецкая праца стала адной з галоўных спраў жыцця, праз якую ён спадзяваўся зрабіць грамадству дабро і атрымаць надзею на збаўленне.

Вялікае значэнне ён надаваў перакладу Бібліі і царкоўных кніг на жывыя народныя мовы.

Выразна ўдалося аўтару даследвання перадаць пачуцці берасцейскага старасты і мецэната, асветніка і патрыёта: «Я так лічу, што ўсе людзі, узносячы хвалу, малітвы, і падзякі Госпаду за яго дабрадзействы, павінны рабіць гэта з чыстымі думкамі і чыстымі сэрцам. Менавіта таму, на якой мове кожны народ здольны разумець таямніцы Слова Божага, на той мове і трэба ажыццяўляць усе святыя царкоўныя справы і набажэнствы».

Да працы над перакладам былі запрошаны вядомыя ў Еўропе тэолагі, перакладчыкі, рэдактары, пісьменнікі і грамадскія дзеячы: Францішак Станкар, Георг Шоман, Якуб Любэльчык, Сымон Зак, Марцін Кравіцкі, Ф. Лісманіні, А. Тшэцецкі і іншыя.

Манаграфія ўключае арыгінальную прадмову Мікалая Радзівіла, скіраваную каралю Жыгімонту Аўгусту, у якой адчуваецца яго шляхетны і пабожны дух.

«Берасцейская Біблія — гэта больш, чым толькі тэкст Святога Пісання, — піша аўтар даследвання. —

Яна ўключае цэлы шэраг уводных, тлумачальных, даведачных матэрыялаў, якія робяць выданне сапраўды фундаментальным».

Услед за прадмовай-прысвячэннем у кнізе знаходзіцца «Сума, або кароткае апісанне ўсяго Святога Пісанння, гэта значыць Кніг Старога і Новага Запаветаў». Па сутнасці, гэта кароткае апісанне найважнейшых прынцыпаў веры беларускіх і польскіх пратэстантаў.

Вялікую дапаможную ролю адыгрывалі каментары і тлумачэнні да тэксту Бібліі на палях выдання — амаль на кожнай старонцы. Каментары надрукаваны на палях выдання некалькі меншым шрыфтам, чым асноўны тэкст. У якасці такіх каментароў сустракаюцца адсылкі да іншых кніг і раздзелаў Бібліі, пераклад складаных слоў, тлумачэнне геаграфічных паняццяў і, безумоўна, тэалагічныя тлумачэнні.

Пра высокі навуковы ўзровень падрыхтоўкі выдання сведчыць і адмыслова складзены да яго прадметны паказальнік, выкарыстаны ўпершыню ў гісторыі беларускага кнігадрукавання. У ім было прадстаўлена больш за 1400 біблійных тэрмінаў і паняццяў.

«Складальнікі, рэдактары і выдаўцы Берасцейскай Бібліі з самага пачатку планавалі падрыхтаваць сапраўды ўніверсальнае і ўсеахопнае выданне, якое забяспечыць усе патрэбы вернікаў, — сведчыць аўтар. —

Яно павінна было не толькі несці Слова Божае людзям, але і выконваць функцыі падручніка і Катэхізіса, быць багаслоўскім трактатам, а таксама дапамагаць у арганізацыі штодзённага набажэнства ў храме».

«Адзін толькі Госпад Бог усё добрае робіць, чыніць, і дае людзям у свеце. Ён ёсць пачаткам усялякага дасканалага дабра, у што кожны чалавек хрысціянскага складу верыць, тым больш, Ваша Каралеўская Міласць па сваіх знакамітых продках, як хрысціянскі кароль таксама ў гэта верыць».

«Менавіта ў пашырэнні сапраўднага Слова Божага бачыў сэнс свайго жыцця Мікалай Радзівіл, — адзначае аўтар даследвання. — Не ў продажы кніг ці ў камерцыйнай выгадзе, а ў пашырэнні хрысціянскай літаратуры. Менавіта да гэтага ён прыкладаў намаганні. Ён меў у гэтай справе вялікі поспех. Берасцейская Біблія стала шырока даступнай і трапіла ў многія прыватныя, службовыя і царкоўныя кнігазборы ВКЛ».

Абноўлена 07.02.2020 11:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа