Пошук

06.02.2020 15:05   Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: Рro-life.by

З 31 студзеня па 2 лютага ў Мінску ўпершыню прайшоў міжнародны кангрэс праваслаўнага руху «Сужэнскія сустрэчы», які ўжо даўно паспяхова дзейнічае і развіваецца ў Касцёле.

Летась удзельнікі руху адзначалі 15-годдзе яго дзейнасці ў Беларусі. Сёлета і праваслаўныя сужэнцы вырашылі пераняць ініцыятыву, якая дае магчымасць з Божаю дапамогаю будаваць здаровыя адносіны ў сям’і.

У Першым міжнародным кангрэсе кіраўнікоў епархіяльных і рэгіянальных цэнтраў праваслаўнага адгалінавання руху «Сужэнскія сустрэчы» ў Мінску ўзялі ўдзел яго заснавальнікі — Ірэна і Ежы Гжыбоўскія з Польшчы.

Мэтаю трохдзённага форуму, які праходзіў у мінскім Свята-Елісавецінскім манастыры, стала распрацоўка адзінага праваслаўнага кірунку са сваім статутам і структурай.

У кангрэсе ў Мінску ўдзельнічалі тры дзясяткі прадстаўнікоў праваслаўных суполак «Сужэнскіх сустрэч» з Мінска, а таксама з Расіі (Санкт-Пецярбурга, Екацерынбурга і Калініграда), з Польшчы, Літвы і Германіі.

«Ідэю і методыку праваслаўныя сужэнскія сустрэчы цалкам перанялі ад каталіцкага руху», — паведаміла сайту Рro-life.by псіхолаг Кацярына Шавялёва. Разам з мужам яны з’яўляюцца адной з вядучых праваслаўных пар «Сужэнскіх сустрэч» у Беларусі.

«У Каталіцкім Касцёле гэты кірунак развіваецца на працягу ўжо больш як 40-а гадоў, створаны эфектыўны метадычны інструментарый, і праца вельмі плённая. Таму мы цалкам выкарыстоўваем гэтыя напрацоўкі, але адаптуем іх да нашых рэалій і мовы. І вельмі радуе, што каталіцкія кіраўнікі руху вельмі нам дапамагаюць. Ёсць поўнае разуменне агульнай мэты: захоўваць і ўмацоўваць сям’ю і сужэнства», — падкрэсліла Кацярына Шавялёва.

Польскія місіянеры і пісхатэрапеўты Ірэна і Ежы Гжыбоўскія ў 1977 годзе рэалізавалі на практыцы напрацоўкі іспанскага святара Габрыэля Кальво, які ў сярэдзіне мінулага стагоддзя распачаў чытаць лекцыі для крызісных сем’яў. Пазней ксёндз Габрыэль зразумеў, што больш эфектыўнымі стануць выязныя семінары, дзе сужонкі будуць не проста слухачамі, але таксама змогуць самастойна, без сведкаў паразмаўляць адно з адным пра нявырашаныя праблемы ва ўзаемаадносінах.

Складанасць была ў тым, як дапамагчы ім правільна дзяліцца балючымі тэмамі, не ранячы адно аднаго. Ірэна і Ежы Гжыбоўскія распрацавалі гэтую ідэю да найдрабнейшых дэталяў і стварылі падрабязную методыку «Сужэнскіх сустрэч». У спецыяльна падрыхтаваных дапаможніках распавядаецца, як арганізоўваць такія выезды, пра што размаўляць з сужонкамі, якія тэмы і ў якой паслядоўнасці закранаць.

Сёння суполкі створанага імі касцёльнага руху можна сустрэць у многіх краінах Еўропы і Амерыкі.

Акрамя таго, сужонкі з Польшчы зрабілі пераклад методыкі на рускую мову і сталі галоўнымі папулярызатарамі «Сужэнскіх сустрэч» на постасвецкай прасторы.

Праваслаўнае адгалінаванне руху, падобна, як і каталіцкае, мае сваёй мэтай умацаванне сужэнскіх і сямейных повязяў, а таксама падрыхтоўку да сакрамэнту сужэнства. Як паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, прынцыпы ўзаемадзеяння праваслаўных і каталіцкіх «Сужэнскіх сустрэч» былі акрэслены ў пагадненні, падпісаным у 2013 годзе ў Пэльпліне (Польшча). Згодна з гэтым пагадненнем, зацверджаным іерархамі Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы, і каталіцкае, і праваслаўнае адгалінаванні руху захоўваюць істотнае адзінства ўсіх праграм.

У пагадненні, між іншым, адзначана:

«Мы разам прызнаем дыялог, асновы якога былі апрацаваны ў „Сужэнскіх сустрэчах“, як шлях духоўнасці, які набліжае нас да Бога і фармуе міжчалавечыя адносіны паводле евангельскіх прынцыпаў».

У кангрэсе ў Мінску ўзялі ўдзел айцец Аляксандр Дзягілеў і яго жонка матушка Любоў з Санкт-Пецярбурга, якія разам з Ірэнай і Ежы Гжыбоўскімі падпісалі згаданае пагадненне. Менавіта святар з горада на Няве разам з жонкаю, пераняўшы вопыт католікаў, першым стаў праводзіць «Сужэнскія сустрэчы» для праваслаўных.

Сёння ў Санкт-Пецярбургу дзейнічае праваслаўны епархіяльны цэнтр «Сужэнскіх сустрэч», і следам за айцом Аляксандрам усё больш святароў далучаецца да распаўсюджвання гэтага вопыту. У Беларускай Праваслаўнай Царкве гэты кірунак курыруе протаіерэй Уладзімір Шайдак разам са сваёй жонкай матушкай Інгай.

Удзельнікі руху «Сужэнскія сустрэчы» звяртаюць увагу на тое, што перад абліччам пагрозаў для сужэнства і сям’і ва ўсім свеце супрацоўніцтва католікаў і праваслаўных, з аднаго боку, дазваляе плённа дзейнічаць з мэтаю пабудовы і аднаўлення сужэнскіх і сямейных повязяў, а з другога — дае магчымасць духоўна вярнуцца да адзінства хрысціянаў, што існавала да падзелу.

Абноўлена 06.02.2020 16:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.