Пошук

20.05.2019 13:04   Catholic.by

18 мая ў Ляскоўцы, што пад Мінскам, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, узначаліў цэлебрацыю святой Імшы з удзельнікамі руху «Сужэнскія сустрэчы», якая стала кульмінацыяй рэкалекцый для аніматараў «Сужэнскіх сустрэч», прымеркаваных да 15-годдзя існавання гэтага руху ў Беларусі.

Рэкалекцыі праходзілі з 17 па 19 мая і былі прысвечаны тэме «Паяднанне і дыялог».

У рэкалекцыях і святкаванні юбілею прынялі ўдзел заснавальнікі руху «Сужэнскія сустрэчы» Ірэна і Ежы Гжыбоўскія з Польшчы, лідары руху ва Украінскай Грэка-Каталіцкай Царкве Багдан і Вольга Чайкоўскія, прадстаўнікі лідараў руху ў Расіі разам з духоўным кіраўніком кс. прэлатам Ежы Стэцкевічам, прадстаўнікі лідараў руху ў Праваслаўнай Царкве ў Санкт-Пецярбургу, прадстаўнікі новай галіны руху ў Царкве Евангельскіх хрысціян-баптыстаў.

У гаміліі арцыбіскуп найперш падкрэсліў сімвалізм таго, што святкаванне юбілею «Сужэнскіх сустрэч» адбываецца ў пастырскім годзе, які ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі прысвечаны сям’і як крыніцы радасці і надзеі моладзі.

Іерарх падзякаваў Богу і заснавальнікам гэтай супольнасці — сям’і Ірэны і Юрыя Гжыбоўскіх. 15 гадоў таму ў Беларусі была заснавана гэтая пастырская праграма. Ідэя «Сужэнскіх сустрэч» засноўваецца на прапагандаванні паміж сужэнцамі лучнасці з Богам.

«Паўтара дзесяцігоддзі іх існавання сведчыць пра запатрабаванасць у нашым грамадстве, — адзначыў арцыбіскуп. — Колькі сем’яў было ўратавана ад распаду! Колькі дзяцей, дзякуючы таму, што могуць быць разам з татам і мамай, з’яўляюцца шчаслівымі, маюць магчымаць спазнаць бацькоўскую любоў і атрымаць першаснае і галоўнае выхаванне на хрысціянскіх каштоўнасцях!»

Па словах іерарха, 15 гадоў — гэта ўжо гісторыя, на якой, як на фундаменце, неабходна будаваць будучыню ў вельмі складаных абставінах, у якіх знаходзіцца сучасная беларуская сям’я.

Пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі падкрэсліў, што саюз мужчыны і жанчыны быў заснаваны на пачатку гісторыі чалавецтва і з’яўляецца фундаментам чалавецтва, бо з сужэнскага саюзу яно нараджаецца і ў ім фармуецца.

На вялікі жаль, дадаў ён, чалавецтва адступіла ад Божай ідэі сям’і як падмурку грамадства, што стала прычынай шматлікіх праблем.

Далей арцыбіскуп звярнуў увагу на праблемы сучаснай беларускай сям’і: слабую падрыхтоўку да сакрамэнту сужэнства, разводы, аборты, штучнае апладненне, прапаганду нетрадыцыйных аднаполых саюзаў і гендарнай ідэалогіі, слабую рэлігійную фармацыю маладога пакалення, адсутнасць добрага прыкладу бацькоў для сваіх дзяцей і г.д.

Іерарх нагадаў пра вучэнні апошніх Папаў аб сям’і і неабходнасці яе абароны.

«Асаблівая роля ў захаванні інстытуту сям’і належыць супольнасці „Сужэнскія сустрэчы“, якая ў нашай краіне з’яўляецца духоўным лідарам у гэтай галіне.Шмат сем’яў, асабліва маладых, сёння патрабуюць суправаджэння на іх сямейным шляху з мэтай пераадолець складанасці. І тут нельга пераацаніць значэнне супольнасці „Сужэнскія сустрэчы“.

Гэта падкрэслівае таксама прысвечаная прымірэнню і дыялогу тэма рэкалекцый. Гісторыя чалавецтва паказвае неабходнасць імкнуцца да прымірэння шляхам дыялогу як спосабу вырашэння складных праблем.

Калі вядзецца дыялог, то ёсць надзея на вырашэнне праблем. Падобна і ў сям’і», — адзначыў арцыбіскуп.

Іерарх пажадаў руху «Сямейныя сустрэчы» поспехаў у вырашэнні праблем сучаснай беларускай сям’і і будаванні цывілізацыі любові і жыцця.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця