Пошук

03.02.2020 12:45   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

2 лютага, у свята Ахвяравання Пана, біскуп Юрый Касабуцкі наведаў мястэчка Свір (Мядзельскі дэканат), дзе разам з вернікамі мясцовай парафіі святога Мікалая, біскупа, ушанаваў памяць апошняга Свірскага дэкана ксяндза Казіміра Шылэйкі ў 60-ю гадавіну яго адыходу ў вечнасць.

У Свіры Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ўзначаліў цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы.

Ад імя арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ён падзякаваў тутэйшым вернікам на чале з іх пробашчам ксяндзом канонікам Багуславам Маджэеўскім за памяць і малітву за спачылых душпастыраў, адным з якіх быў апошні Свірскі дэкан ксёндз Казімір Шылэйка.

Паколькі за шэсць дзесяцігоддзяў, што мінулі з дня яго адыходу ў вечнасць, у Свіры засталося няшмат парафіянаў, якія памятаюць ксяндза Казіміра, у прамоўленым Божым слове біскуп Юрый Касабуцкі распавёў пра асобу гэтага незвычайнага святара, чыё служэнне прыпала на найбольш цяжкія гады ў шматвяковай гісторыі свірскай парафіі.

Казімір Шылэйка нарадзіўся 14 верасня 1886 года ў Жыжморах каля Кашадараў (сёння — Кайшадорыс) даўняга Віленскага краю. Хоць ён быў адзіным сынам у сям’і, аднак, пачуўшы ў сэрцы голас паклікання да святарства, пасля заканчэння школы паступіў у духоўную семінарыю ў Коўне (сёння — Каўнас).

Малады святар кс. Казімір Шылэйка. Фота з архіва парафіі

Прыняўшы святарскае пасвячэнне ў сакавіку 1909 года, ксёндз Казімір працаваў вікарыем у некалькіх парафіях Віленшчыны, а ў 1916 годзе быў прызначаны адміністратарм парафіі ў Дубінках колішняга Уцянскага павету (сёння — Дубінгей), дзе нёс служэнне да канца 1924 года.

Вымушаны пакінуць парафію з-за складанасцяў, звязаных з міжваенным дзяржаўным падзелам, пэўны час працаваў у Вільні, а ў красавіку 1925 года біскуп Юрый Матулевіч прызначыў ксяндза Казіміра пробашчам парафіі ў Нарвілішках. З 1927 да 1935 года ён нёс служэнне пробашча ў Начы, а з 1935 да 1938 — у парафіі святога апостала Андрэя ў Лынтупах колішняга Свянцянскага павету.

Ксёндз Казімір Шылэйка ў Свіры. Фота з архіва парафіі

Душпастырскую руплівасць ксяндза Казіміра Шылэйкі высока ацанілі касцёльныя ўлады, таму на час адсутнасці Свянцянскага дэкана даручылі яму выкананне гэтых адказных абавязкаў.

У ліпені 1938 года ксёндз Казімір Шылэйка быў прызначаны пробашчам парафіі святога Мікалая, біскупа, у Свіры і Свірскім дэканам. Гэтае служэнне з невялікім перапынкам святар нёс на працягу 22-х гадоў, ажно да смерці ў лютым 1960 года.

«Нягледзячы на перажытыя цяжкасці бязбожнага савецкага рэжыму і нацысцкай акупацыі падчас Другой сусветнай вайны, ксёндз Казімір Шылэйка ўвесь час верна нёс святарскае служэнне і заставаўся са сваёй паствай, цудам пазбегшы смерці, арышту і высылкі. Выгнаны з плябаніі, не маючы даху над галавой, мужны душпастыр у нялюдскіх умовах нёс святло Евангелля сярод цёмнай ночы бязвер’я і атэістычнай прапаганды. Цяжкія ўмовы жыцця падарвалі здароўе руплівага святара, і на пачатку лютага 1960 года яго спрацаванае сэрца перастала біцца», — адзначыў біскуп Юрый Касабуцкі.

Іерарх дадаў, што неўзабаве пасля смерці апошняга Свірскага дэкана савецкія ўлады зачынілі касцёл у Свіры, разрабавалі святыню і ператварылі ў завод. Амаль на тры дзесяцігоддзі рэлігійнае жыццё ў мястэчку, населеным пераважна католікамі, апынулася ў падполлі.

«Толькі ў 1990 годзе ў свірскім касцёле зноў распачаліся набажэнствы.

І сёння жыццё вашай парафіяльнай супольнасці — адной з найбольшых у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, — сведчыць пра тое, што самаахвярнае служэнне ксяндза Казіміра Шылэйкі, апошняга Свірскага дэкана, не было дарэмным. Яго справу ў вашай парафіі і ў новаствораным Мядзельскім дэканаце сёння працягвае ягоны наступнік ксёндз канонік Багуслаў Маджэеўскі, дэкан Мядзельскі.

Нахай жа Бог благаславіць вас і вашага душпастыра шчодрымі ласкамі праз заступніцтва Маці Божай Грамнічнай, якая ратуе сваіх дзяцей ад усіх небяспекаў», — такім пажаданнем завяршыў сваю гамілію іерарх.

Ад імя ўсіх вернікаў свірскай парафіі, даўнім сябрам якой з’яўляецца біскуп Юрый, школьніца Вольга і студэнтка Ангеліна шчыра падзякавалі пастыру за супольную малітву і павіншавалі яго з надыходзячым юбілеем, які Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адзначыць у гэтым месяцы.

Перажываючы 30-годдзе вяртання забранай святыні, старэйшае пакалене свірскіх вернікаў разам з дзецьмі і моладдзю дзякавалі Богу за асобу свайго колішняга пробашча, ксяндза Казіміра Шылэйкі, і за цуд захавання велічнага касцёла, пабудаванага іх пабожнымі продкамі.

Побач са святыняй засталіся і маўклівыя сведкі часоў савецкага пераследу веры: пакручаны крыж і расколаты звон, скінутыя з касцёла злачыннаю рукою.

Але, як казаў Пясняр, «ночка цёмная на свеце вечна не пануе», і сёння высокая вежа свірскай святыні зноў велічна ўзносіць у нябёсны блакіт крыж — знак канчатковай перамогі Хрыста над сіламі цемры. А гук званоў над старажытным мястэчкам, па-над блакітнымі водамі чароўнага возера Свір сведчыць, што жыве ў сэрцах людзей вера і памяць, а гэта значыць, што жыве на нашай святой зямлі Бог.

Абноўлена 03.02.2020 15:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.