З 24 па 26 студзеня ў кляштары сясцёр кармэлiтак Дзiцяткі Езуса ў Гудагаі сабраліся дзяўчаты і жанчыны з розных мясцiн Беларусі, каб удзельнічаць у днях малітвы. У цішыні, праз малiтву, Эўхарыстыю, адарацыю, асабiсты ліст да Бога яны маглі паразважаць над тэмай: «Бог ніколі не змушае, але гаворыць: „Калі хочаш...“»
Духоўным кiраўнiком падчас гэтай малiтоўнай прыгоды быў а. Казiмiр Мараўскi OCD з Гудагая.
Дапамагаючы сабраным увайсці ў глыбіню Божага запрашэння, святар нагадаў у канферэнцыi, што часам прыходзіць момант, калі апускаюцца рукі і з’яўляецца думка: «Пане Божа! Ты сам цягні мяне да неба, бо я не маю сіл...»
Але, як было адзначана, Бог не змушае, бо шануе чалавечую волю, прапануе сваю любоў.
Для ўдзельніц былі прыведзены розныя прыклады са Святога Пісання. У прыватнасці, было нагадана, што, хоць Бог стварыў Марыю Беззаганнай, нават Ёй была дадзена прапанова, а не ўказ для выканання. Ісая на пытанне Бога: «Каго мне паслаць? Хто пойдзе?» — адказаў: «Вось я, пайшлі мяне». Пры гэтым, як адзначалася падчас рэкалекцый, адказваючы Богу станоўча, трэба згадзіцца на цяжкасці, цярпенні, крыж.
У якасці прыкладаў адмаўлення ад Божага запрашэння былі ўзгаданы малады чалавек, які хацеў ісці за Езусам, але на прапанову прадаць усю сваю маёмасць, вярнуцца і пайсці засмуціўся і адышоў, а таксама Юда Іскарыёт, які, хоць быў вельмі блізка да Езуса, змарнаваў пакліканне і прадаў свайго Настаўніка. Удзельніцы рэкалекцый даведаліся, што так чалавек можа «прадаць» сваё пакліканне за нібыта вялікія рэчы.
Разам з тым, як было падкрэслена, ёсць штосьці вельмі прыцягальнае ў асобе Бога, бо апосталы на адно толькі запрашэнне Хрыста пакінулі свае сеткі і пайшлі за Ім.
Гэта любоў Пана, бо ў кожным пакліканні ёсць вялікая доза Яго любові да чалавека, але гэта чалавек зразумее тады, калі адкажа на запрашэнне станоўча.
Як было нагадана ўдзельніцам дзён малітвы, гэта не азначае, што ў выпадку прыняцця такога запрашэння цярпенне будзе адсутнічаць, але чалавек не баіцца, бо знаходзіцца ў Божых руках. Пажаданнем з’яўляецца тое, каб выбар, як адказаць на Божае запрашэнне, заўсёды быў добры.