2 лютага ў свята Ахвяравання Пана Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Рэспубліцы Беларусь ксёндз Махэр Шаммас узначаліў цэлебрацыю святой Імшы на англійскай мове ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) у Мінску.
Эўхарыстыя для англамоўных вернікаў адбывалася ў сталічнай святыні, якая знаходзіцца найбліжэй да Апостальскай Нунцыятуры — афіцыйнага прадстаўніцтва Святога Пасаду ў нашай краіне.
Пасля заканчэння місіі Апосталькага нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра і да моманту прызначэння новага нунцыя ксёндз Махэр Шаммас з’яўляецца Часовым павераным у справах Святога Пасаду ў Беларусі і прадстаўляе ў нашай краіне Святога Айца.
Перад святой Імшой прадстаўнік Папы Францішка меў магчымасць сустрэцца з вернікамі, якія паходзяць з яго роднага Лівана, і цяпер пражываюць ў Мінску. Гэта былі першыя суайчыннікі, якіх ён сустрэў у Беларусі.
У гаміліі ксёндз Махэр, звяртаючы ўвагу на значэнне свята Ахвяравання Пана, падкрэсліў: «Ахвяраванне, якое здзейснілі Марыя і Юзаф, — гэта не толькі выкананне рэлігійнага закона, нейкае юрыдычнае дзеянне. Па сутнасці, свабодна ў акце культу яны вяртаюць Богу Айцу Дзіця, якое яны прынялі ад Яго».
Святар заклікаў прысутных: «Прымайце Хрыста з верай так, як Сімяон.
Давайце адкрыем нашыя сэрцы для Яго любові, і няхай нашае жыццё будзе новым, мірным і радасным.
Будзем жа прымаць жыццё і прымаць любоў з крыніцы жыцця і любові, якая ўзбагачае нас у святой Камуніі».
Святая Імша на англійскай мове адбываецца ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) у Мінску кожную нядзелю ў 16.00.
За душпастырства англамоўных вернікаў у Мінску адказвае ксёндз Кірыл Бардонаў, якому дапамаге ксёндз Ян Шарук SAC. У святой Імшы на англійскай мове ўдзельнічаюць пераважна замежныя вернікі, якія навучаюцца і працуюць у беларускай сталіцы.