
28 студзеня ў капліцы Божай Міласэрнасці ў вёсцы Свяцк Гродзенскага раёна (сапоцкінская парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Язафата Кунцэвіча) адбылося загаранне.
Па звестках Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС, сігнал пра загаранне ў капліцы паступіў на пульт у аўторак, 28 студзеня, у 16.55. Паведамляецца, што ў выніку загарання часткова знішчаны прадметы інтэр’еру, падлога на плошчы шэсць квадратных метраў, закураны сцены і столь. Ніхто з людзей не пацярпеў.
Як паведаміў Catholic.by пробашч парафіі ў Сапоцкіне ксёндз Антоній Абухоўскі, які здзяйсняе душпастырскую апеку над вернікамі ў вёсцы Свяцк, Найсвяцейшы Сакрамэнт у капліцы не захоўваўся.
Культавы будынак ХІХ стагоддзя не належыць парафіі, а з’яўляецца часткай палацава-паркавага комплексу Валовічаў, які знаходзіцца ва ўласнасці санаторыя «Азёрны». Набажэнствы ў капліцы ў Свяцку, якую вернікі арандуюць, адбываюцца толькі ў нядзелі і святы.
Апошні раз святая Імша цэлебравалася тут у нядзелю 26 студзеня, больш за двое сутак да загарання.
Прычына загарання ў капліцы не высветлена.
Звяртаемся да ўсіх неабыякавых з просьбай аб малітве і духоўнай падтрымцы вернікаў вёскі Свяцк, каб надзвычайная сітуацыя не пазбавіла іх магчымасці рэгулярнага ўдзелу ў святой Імшы і іншых сакрамэнтах Касцёла.



