23 студзеня ў касцёле святога Яна Хрысціцеля, што ў сталічным мікрараёне Серабранка, прайшла пастырская сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў, якія нясуць служэнне на Міншчыне.
Пасля супольнай малітвы Літургіі Гадзінаў з дакладам да прысутных зврнуўся кс. Станіслаў Станеўскі, рэдэмптарыст, які нагадаў святарам пра ўскладзены на іх абавязак абвяшчэння Божага слова і клопату пра тое, каб даручаныя іх пастырскай апецы вернікі маглі няспынна ўзрастаць у веры. Менавіта гэтаму служаць святыя місіі, якія час ад часу неабходна праводзіць у кожнай парафіяльнай супольнасці.
Дакладчык падрабязна растлумачыў асаблівасці правядзення святых місій і заахвоціў не занядбоўваць гэтай цудоўнай магчымасці ажывіць душпастырства і паглыбіць духоўнае жыццё вернікаў.
Паразважаць над пачутым удзельнікі сустрэчы маглі падчас адарацыі перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам, пасля заканчэння якой распачалася святая Імша. Цэлебрацыю супольнай Эўхарыстыі ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. На пачатку іерарх прывітаў прысутных святароў і законных сясцёр ад імя арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які не змог быць на сустрэчы, паколькі бярэ ўдзел у пахаванні спачылага біскупа Станіслава Стэфанка, які, будучы біскупам Ломжынскай дыяцэзіі (Польшча), шмат дапамагаў Касцёлу ў Беларусі.
У прамоўленай гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі звярнуў увагу на тое, што многія людзі ў часы Хрыста больш увагі звярталі на здзейсненыя Ім цуды, чым на сутнасць Яго пасланніцтва, пра што ішла гаворка ў прачытаным урыўку з Евангелля.
«І ў наш час многія шукаюць у Касцёле не столькі збаўлення, колькі дапамогі ў часовых справах, звяртаючы больш увагі на рэчы прамінальныя і павярхоўныя», — зазначыў іерарх.
На арганізацыйнай частцы сустрэчы біскуп Юрый падзякаваў усім удзельнікам за прысутнасць, звярнуўшы ўвагу на тое, што пастырскія сустрэчы — вельмі важны момант у жыцці мясцовага Касцёла.
Той, хто не бярэ ў іх удзел, сам сябе выключае з супольнага жыцця.
Генеральны вікарый выказаў падзяку за душпастырскую каляду ў парафіях, адзначыўшы, што ў некаторых месцах гэта звязана з перадоленнем значных цяжкасцяў. Тым не менш гэтая ініцыятыва дае свой плён і дапамагае ўмацаванню парафіяльных супольнасцяў у адзінстве з іх душпастырамі.
Біскуп Юрый Касабуцкі нагадаў, што 2020 Пастырскі год у Касцёле на Беларусі прысвечаны Яну Паўлу ІІ у 100-ю гадавіну яго нараджэння і што з гэтай нагоды выпушчаны спецыяльныя банеры, якія варта павесіць у касцёлах.
Акрамя таго, іерарх звярнуў увагу на тое, што ў бліжэйшую нядзелю ў Касцёле будзе ўпершыню адзначацца абвешчаная Папам Францішкам Нядзеля Божага слова. У сувязі з гэтым ён нагадаў, што арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у апошнім пастырскім пасланні заклікаў святароў на галоўнай нядзельнай Імшы здзейсніць інтранізацыю Божага слова ў касцёлах і ў гаміліі нагадаць вернікам пра неабходнасць глыбей яго пазнаваць і жыць ім кожны дзень.
Біскуп Юрый Касабуцкі паведаміў, што наступная пастырская сустрэча адбудзецца 20 лютага ў касцёле святога Сымона і святой Алены, пасля чаго ўдзяліў усім прысутным пастырскае благаслаўленне.